Рыгора Грыка судзяць за канцлагерную робу
Актывіста прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Рыгора Грыка з Баранавіч судзяць за непавагу да грамадства, нецэнзурную лаянку і нерэагаванні на заўвагі ў дзень яго флэшмоба на працоўным месцы 24 верасня. У той дзень Рыгор Грык з’явіўся ў краму, дзе працаваў грузчыкам, у паласатай робе, якая напамінала канцлагерную. У знак таго, што яму другі год не выдаюць працоўнае адзенне і наогул парушаюць працоўнае заканадаўства, – кажа Рыгор Грык:
– Каб я быў такім моцным парушальнікам. І менавіта ў той дзень, калі я быў апрануты ў канцлагерную робу, колькі міліцыянтаў прыходзіла і ўчастковы таксама. І ніхто на мяне ніякай паперы не складаў. І не затрымалі мяне, таму што я не парушаў законы – ні ў той дзень, ні раней.
Заяву ў міліцыю ў якасці сведкі пазней напісала загадчыца крамы Вольга Борыс і яе намесніца Вольга Якубовіч. Пратакол таксама быў складзены пазней без ведама Грыка. Таму ў першы дзень суда актывіст папрасіў даць яму час для азнаямлення з дакументамі. Суд працягнецца 20 кастрычніка.
Беларускае Радыё Рацыя