Што будзе з беларускімі кадэтамі? (абноўлена)



16-гадовыя хлопцы-кадэты, якія надзелі майкі з «Пагоняй» —як «зорачкі, сьвецяць у цемры. „Яны — сапраўдныя беларускія афіцэры, якімі Беларусь можа ганарыцца”. Так ацаніла ўчынак навучэнцаў Ястрамбельскай вучэльні Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

Тым часам, супярэчлівая інфармацыя паступае пра дырэктара кадэцкай вучэльні Аляксандра Калько і саміх кадэтаў. У суботу паведамлялася, што бацькі аднаго з кадэтаў забралі дакументы сына і павезлі яго дадому. А ў самой вучэльні прайшоў сход з удзелам настаўнікаў і кадэтаў. З’явіліся чуткі, што дырэктар вучэльні нібыта звольнены. Верагодна, што рашэнне па сітуацыі з кадэтамі будзе прынятае сёння. Тым часам, у Сеціве праходзіць кампанія падтрымкі – карыстальнікі змяшчаюць фотаздымкі ў цішотках з Пагоняй.

* * *

Вучняў Берасцейскага абласнога кадэцкага вучылішча, якія сфатаграфаваліся ў майках з пагоняй, не адлічылі. Пра гэта паведаміў дырэктар навучальнай установы Аляксандр Калько.

З чатырох удзельнікаў скандальнай фотасесіі трое на дадзены момант знаходзяцца ў вучылішча, адзін, які выклаў фатаграфію ў інтэрнэт, з’ехаў дадому. Пра гэта паведаміў адзін з хлопцаў, які захаваны на здымку. Па словах суразмоўцы, пакуль ніякіх санкцый да іх з боку адміністрацыі не было, піша tut.by.

„Аднакурснікі нас падтрымліваюць. Тут мы адно цэлае”, – паведаміў кадэт.

Дырэктар кадэцкага вучылішча Аляксандр Калько абверг чуткі аб тым, што адзін з кадэтаў ўжо адлічаны за гэтую фатаграфію.

„Разумееце, на пустым месцы зрабілі сенсацыю. За што іх адлічваць? Тут толькі адно парушэнне – у нас забаронена змешваць грамадзянскую форму адзення з нашай”, – адзначыў суразмоўца, дадаўшы, што гэта не з’яўляецца падставай для прыняцця дысцыплінарных мер да правініўшыхся.

Аляксандр Сцяпанавіч растлумачыў, што бацькі кадэта, які выклаў фота ў інтэрнэт, прынялі рашэнне забраць сына на выходныя дадому.

„Яны будуць прымаць рашэнне (пераводзіць сына з вучэльні ў іншую навучальную ўстанову ці не). У нас няма адлічэнняў”, – адзначыў дырэктар.

Аляксандр Калько таксама падкрэсліў, што ні на яго асабіста, ні на кадэтаў не аказваецца ніякага ціску. „Тут няма ніякай палітыкі”, – паведаміў суразмоўца.

Скандал разгарэўся 16 кастрычніка, калі ў інтэрнэце з’явілася фота чатырох кадэтаў Берасцейскага абласнога кадэцкага вучылішча, якія дэманстравалі майкі з пагоняй пад форменным адзеннем. Здымак размясцілі ў супольнасці „Мая краіна Беларусь” у «Вконтакте». Аўтар суправадзіў фатаграфію подпісам: „Прывітанне з Баранавічаў”.

Пазней у сетцы з’явілася інфармацыя аб тым, што адзін з кадэтаў адлічаны, а ў дачыненні да астатніх будуць таксама прыняты меры. Інтэрнэт-супольнасць выказала салідарнасць з навучэнцамі. На сайце change.org з’явілася петыцыя з патрабаваннем „не дапусціць адлічэнні кадэтаў Ястрамбельскай школы-інтэрната”.

Акрамя таго „Арт Сядзіба” пачала ў сацыяльных сетках кампанію #пагоняпобач, удзельнікам якой прапанавалі выкладваць свае фатаздымкі ў майках з пагоняй.