На Піншчыне перазахавалі 40 жаўнераў



На Піншчыне, каля вёскі Мокрая Дубрава, перазахавалі 40 жаўнераў Першай сусветнай вайны. Дагэтуль пахаванні знаходзіліся ў лесе і ўяўлялі сабой чатыры невялікія насыпы. Мясцовы жыхар Міхаіл Літвінчук з дзяцінства захоўваў таямніцу, а калі прачытаў заяву віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка, што ўсім жаўнерам Першай сусветнай патрэбна аддаць належны гонар – паведаміў уладам.

Гісторык-краязнаўца Эдуард Злобін адзначае, што перазахаванне прыпала на 100-годдзе з’яўлення лініі фронту ў Пінскім раёне:

– Кастрычнік 2015 года – гэта 100-годдзе нямецкай акупацыі Піншчыны. Па тэрыторыі сучаснага Пінскага раёна праходзіла лінія фронту, яна была непарушнай аж да 1918 года. Адпаведна захаваліся воінскія пахаванні часоў Першай сусветнай. Што характэрна для нашага рэгіёна, калі Піншчына ўвайшла ў склад польскай дзяржавы, то была арганізавана праграма па ўвекавечанні памяці загінулых.

Працай займаўся 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён пры ўзаемадзеянні з аматарамі гісторыі з Пінска ды Берасця.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота media-polesye.by