Бронзавае абвастрэнне



23 тур футбольнага чэмпіянату Беларусі яшчэ больш закруціў інтрыгу вакол бронзавых узнагародаў. Пакуль БАТЭ святкуе свой чарговы залаты поспех, а футбалісты менскага „Дынама” досыць спакойна пачуваюцца на сярэбранай пазіцыі, за трэцяе месца разгортваецца сапраўдная бітва.

ФК „Мінск”, які ішоў на трэцім месцы, у 23-ім туры саступіў на сваім полі жодзінскаму „Тарпеда” – 0:2 і сур’ёзна прытармазіў.

Салігорскі „Шахцёр” адолеў у Лунінцы мікашэвіцкі „Граніт” – 3:2 і тым самым амаль пазбавіў палешукоў шанцаў на бронзавыя медалі. 10-ы гол у чэмпіянаце забіў Мікалай Януш (на фота), які вырваўся ў лепшыя бамбардзіры турніру.

Цікава, што госці выразна і нават анамальна дамінавалі ў 23-ім туры. Так менскае „Дынама” ўзяло тры ачкі ў Слуцку, перамогшы там 1:0. А гарадзенскі „Нёман” падтрымаў тэндэнцыю і дамогся вікторыі ў наваполацку над „Нафтанам” – 2:1. Бабруйская „Белшына” істотна падвысіла свае стаўкі ў Мазыры, разграміўшы тамтэйшую „Славію” – 4:1. А вось з камандай Юрыя Пунтуса выразна і падазрона нешта не так.

Такім чынам пасля 23 туру становішча ў верхняй частцы табліцы такое: 1. БАТЭ – 56 ачкоў, 2. „Дынама” (Менск) – 46, 3. „Шахцёр” – 40, 4. „Белшына” – 39, 5. ФК „Мінск” – 37.

Беларускае Радыё Рацыя