Плюсы мінусаў



У „Філасофскіх аповесцях” Вальтэра ёсць персанаж, які быў перакананы – усё, што ні адбываецца ў нашым свеце, вядзе да лепшага. То давайце й мы паспрабуем пашукаць хоць што-небудзь дадатнае ў рэчах і здарэннях, якія нас апошнім часам заклапацілі, або зусім азмрочылі.

Выпадак, які проста ляжыць на паверхні, – пра што не адзін год плачуць усе шчырыя беларускія патрыёты, – перадача нашай „беларускай Меккі”, Вільні, „ліетувісам”. На гэту тэму найбольш пераканаўча ў свой час выказаўся Алег Бембель, калі ён яшчэ быў паэтам пад іменем Зніч :

Дзякуй Богу, што Вільню забралі,

Бо каб нашай сталіцай была –

У руінах бы храмы ляжалі

На пагосце з бетону і шкла…

І была б Вільня задрыпаным расейскамоўным горадам, з безліччу шэрых вуліцаў імя Чапаева, Катоўскага, Суворава, дзе не было б ніводнай ані беларускай, ані літоўскай, ці польскай школы…

Так, як у Менску, Віцебску, Гародні… Вы такога лёсу хацелі б месту Гедыміна?

І каб у віленскім Паўночным гарадку замест супермаркетаў былі расейскія вайскоўцы, чуўся грукат расейскіх бэтээраў і расейскія мацюкі?

Ці ведаеце вы, якая ў міжваенным Коўне была самая папулярная татуіроўка на грудзях, насупраць сэрца?

MES BE VILNIAUS NENURIMSIME!

МЫ БЕЗ ВІЛЬНІ НЕ СУПАКОІМСЯ!

Шмат было беларусаў з такой наколкай?

А ці вядома, што існавала больш сотні літоўскіх народных песень пра Вільню? Назавіце хоць  адну такую беларускую… Можа, і ёсць. Але дзе яны?

Вільня была супольнай сталіцай. І спадчыну атрымаў той, хто больш заслугоўваў. Кропка.

І другая гісторыя – усеагульны плач і заломванне рук з нагоды Нобелеўскай прэміі беларускай пісьменніцы, якая піша і размаўляе па-расейску.

У 1986 годзе Нобеля па літаратуры атрымаў нігерыйскі пісьменнік Воле Шоінка. Вершы ён пісаў на ёруба, сваёй роднай мове, але прэмію яму прысудзілі за прозу і п’есы, напісаныя па-англійску.  Гісторыя не зафіксавала ніводнага выпадку, калі землякі Шоінкі кідалі ў яго какосавымі арэхамі ці іншымі прадметамі за здраду роднай мове. То чаму мы горшыя за нігерыйцаў?

Цікавы факт – у расейскіх нацыяналістаў і патрыётаў, што выліваюць кублы памыяў на Святлану Алексіевіч за „русафобію”, і ў іхніх беларускіх братоў па розуму, якія абвінавачваюць пісьменніцу ў „абплёўванні беларускай мовы і народа”, супадае літаральна ўсё – лексікон, аргументацыя…

Святлана Алексіевіч, як біблейскі Давід, паўстала супраць імперскага чырвона-савецкага Галіяфа. І ў гэтай барацьбе, каб перамагчы, патрэбна найбольш дзейсная, эфектыўная зброя. Такой зброяй у гэтым выпадку і з’яўляецца якраз расейская мова, мова гэтага самага Галіяфа, і ягоных незлічоных прыхільнікаў. Удасца яго знішчыць канчаткова –  з’явіцца шанец і для Беларусі.

Тыя, хто змагаюцца супроць Алексіевіч, усведамляюць гэта, ці не, выступаюць на баку чырвонага монстра.

Так, новаму нобелеўскаму лаўрэату, было, – і будзе! – нялёгка. Што ж, такі лёс усіх, хто прыўзняўся над натоўпам. І зноў жа, ніхто не выказаўся на гэту тэму лепш, чым паэт, гэтым разам Еўтушэнка:

Ты думаешь, ты Бог?

Рисковая нескромность.

Гарпун получишь в бок

расплатой за огромность

Огромность всем велит

охотиться за нею.

Тот дурень, кто велик.

Кто мельче – тот умнее.

(„Кладбище китов”)

І трэцяя гісторыя, у якой бясконца складана знайсці хоць штось дадатнае. Маю на ўвазе бясконцае панаванне Лукашэнкі, яго новы пяцігадовы тэрмін.

У Булата Акуджавы ёсць такая песня – „Малітва Франсуа Віёна”, дзе герой просіць –  „Дай рвущемуся к власти навластвоваться всласть!” Як жа гэта разумець?

А вось уявім сабе, што ў Беларусі ўжо сёння прыйшоў да ўлады нармальны кіраўнік. А ў спадчыну яму дасталіся руіны эканомікі і неабходнасць праводзіць жорсткія, непапулярныя рэформы. І тут жа пачалося б скавытанне –  „А вот пры Лукашэнке жылось лучшэ!”  Не, няхай крот гісторыі мае дастаткова часу для сваёй павольнай работы. Дыктатарская ўлада павінна праявіць сябе ва ўсёй красе, каб апошні бомж зразумеў яе сутнасць. І гэта непазбежна адбудзецца, рана ці позна. Хацелася б, вядома, каб як найраней.

Бязмерна шкода страчаных гадоў. Ды што рабіць? Законы гісторыІ, як і законы прыроды адмяніць нельга.

А тым часам, пакуль розныя дзеячы, палітолагі і аналітыкі, беспаспяхова б’юцца над прычынамі таго, што адбываецца ў Беларусі, знайшоўся чалавек, які адным сказам растлумачыў усё.

Чалавек гэты – зорка і надзея нашага новага беларускага Адраджэння, лідар „Маладога фронту”, Зміцер Дашкевіч.

„Так пакіраваў Бог!” – сказаў як звязаў. „Ай малайца!” – як кажуць нашы татарскія сябры.

Дашкевіча – прэзідэнтам!

І будзе нам шчасце.

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ