Архіў святкавання Дня памяці Ларысы Геніюш



Архіў святкавання Дня памяці беларускай паэткі Ларысы Геніюш з’явіцца ў інтэрнэт прасторы. Сябры Гарадзенскай філіі Фонду імя Льва Сапегі ініцыявалі збор відэа- і фотаматэрыялаў традыцыйнага штогадовага фэсту памяці ў Зэльве. Некаторых былых удзельнікаў святкавання ўжо няма з намі, таму архіў нагадае і пра іх таксама. Кажа Уладзімір Хільмановіч, старшыня гарадзенскай філіі асветніцкага грамадскага аб’яднання „Фонд імя Льва Сапегі”:

– Ужо 10 гадоў няма сярод нас Зміцера Кісяля, які быў адным з першых  адраджэнцаў, і іншых актывістаў з Гарадзеншчыны, якія рэгулярна прыязджалі, такіх як Віктар Дзясяцік са Свіслачы. Яны ўжо адышлі ў лепшы свет. Таму гэта даніна не толькі Ларысе Геніюш, але і ўсім беларускім адраджэнцам з Гарадзеншчыны, якія заўсёды бралі ўдзел у адраджэнні памяці пра Ларысу Геніюш, у адраджэнні нашай нацыянальнай сведамасці.

Фэст Памяці Ларысы і Янкі Геніюшаў у Зэльве праходзіць традыцыйна ў жніўні і прымеркаваны да дня нараджэння паэткі. Карыстальнікі збору ўбачаць дваццаць гадоў найноўшай гісторыі ў матэрыялах святкавання дня народзінаў Ларысы Геніюш. Архіў будзе стала папаўняцца новымі матэрыяламі. Ужо цяпер ён налічвае сотні фатаздымкаў, змяшчае відэа. Матэрыялы плануецца размяшчаць на старонках „Гарадзенскай вясны” і „Вытокаў”. Збор архіву стаў магчымым, дзякуючы таксама Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі.

DSC_0918

DSC_0980

DSC_0995

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

фота з Дня памяці гэтага году