Беларусь і Польшча абмеркавалі перспектывы супрацы ў галіне сельскай гаспадарцы
Беларусь і Польшча ў бліжэйшы час правядуць сустрэчы па пытаннях узаемадзеяння ў галіне сельскай гаспадаркі. Такая дамоўленасць дасягнута ўчора ў час рабочай сустрэчы міністраў сельскай гаспадаркі дзвюх краін у акцыянерным таварыстве «Агракамбінат “Скідзельскі”» ў Гарадзенскім раёне.
Міністры сельскай гаспадаркі Беларусі Леанід Заяц і яго польскі калега Марэк Савіцкі абмеркавалі рознабаковыя пытанні ў галіне сельскагаспадарчай вытворчасці.
Паводле эканамічнага аглядальніка Аляксандра Сінкевіча, польскі досвед у сельскай галіне быў бы вельмі карысным беларускаму боку.
– Прыкладна 12 млрд даляраў – такая дадатковая доля адкрываецца на расейскім рынку. Беларусь магла б узяць чвэрць ад гэтай долі – 3-4 млрд даляраў дадаткова экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расею. Але для гэтага трэба ўкласці крышку грошай. Пляцоўкі ёсць, індустрыя ёсць, але патрэбныя інвестыцыі.
Самай актуальнай тэмай сустрэчы сталі перспектывы ўзаемадзеяння ў сувязі з увядзеннем Расеяй эмбарга на пастаўкі харчавання з Еўразвязу і некаторых іншых краін.
Разглядаліся магчымасці прыцягнення польскіх інвестыцый у сельскагаспадарчую сферу для актывізацыі супрацоўніцтва.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота eurobelarus.info