Гамяльчук мадэлюе знішчаныя архітэктурныя помнікі
Жыхар Гомеля Сяргей Ляпін стварае 3D-макеты знішчаных мясцовых гарадскіх аб’ектаў. Ініцыятыва – новая для абласнога цэнтра. Раней ніхто не займаўся мадэляваннем гомельскіх архітэктурных помнікаў, якія былі зруйнаваныя ў савецкі час. Архітэктар распавёў пра акалічнасці сваёй ініцыятывы ў гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Распавядзіце, у чым заключаецца ідэя ініцыятывы?
Сяргей Ляпін: Мы займаемся тымі аб’ектамі, якія стваралі ансамбль Базарнай плошчы Гомеля. На сёння гэта галоўная плошча горада, якая мае назву Леніна. Мы аднаўляем тыя аб’екты, якія зніклі за ХХ стагоддзе. У першую чаргу, гэта такі яскравы аб’ект, як касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. А таксама пажарная каланча, якую спраектаваў выдатны гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі. А таксама гэта комплекс гандлёвых радоў, што быў пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя і быў знішчаны падчас Другой сусветнай вайны.
РР: Вы распавялі пра гандлёвыя рады, якія былі знішчаны падчас вайны. А які лёс іншых аб’ектаў?
Сяргей Ляпін: Каталіцкі касцёл быў знішчаны ў 1938 годзе камуністамі. Ён патрапіў пад знос адным з першых сярод культавых пабудоваў Гомеля. Пажарная каланча, што стаяла ў пачатку вуліцы Замкавая і акцэнтавала вугал Базарнай плошчы, пратрымалася больш за ўсё – да 1960-х гадоў. Але была зруйнаваная падчас пашырэння цяперашняга праспекта Леніна.
РР: А чаму ўзнікла ідэя змадэляваць гэтыя аб’екты?
Сяргей Ляпін: Пляцоўкі, на якіх раней стаялі гэты аб’екты, сёння свабодныя. Мы цяпер маем вельмі шырокую плошчу Леніна, якая выкарыстоўваецца для транспартных функцыяў (то бок фактычна з’яўляецца вялікай транспартнай развязкай). Але нейкай пешаходнай цікавай прасторы там не існуе. Таму гэтыя будынкі аднаўляюцца ў 3d з мэтай пралічыць магчымасць іх аднаўлення. Можна было б разгледзець варыянты поўнага ці частковага аднаўлення гэтага ансамблю.
РР: Ці збіраецеся дасылаць уладам свае прапановы?
Сяргей Ляпін: З улікам вялікай грамадскай цікавасці да гэтага праекта, спадзяюся, што нас пачуюць.
Гомелец Сяргей Ляпін распрацаваў у свой час 3d-мадэль цэлага культурніцкага квартала драўлянай забудовы. Праект быў прапанаваны мясцовым уладам, але яны вырашылі пабудаваць на прапанаваным месцы звычайны шматпавярховік.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота vk.com/stary_homel