Дзень памяці паўстанцаў пройдзе ў Свіслачы 31 кастрычніка



Фэст памяці паўстанцаў 1863 году, які традыцыйна праходзіць напярэдадні Дзядоў, адбудзецца ў суботу 31 кастрычніка ў Свіслачы і Якушоўцы. Традыцыйна Дзень памяці змагароў прымеркаваны таксама да дня нараджэння Віктара Каліноўскага – ідэолага вызвольнага чыну 1863 году.

Збор удзельнікаў Дня памяці ў Свіслачы каля мясцовага касцёлу а 12-й гадзіне. У праграме – традыцыйнае ўскладанне кветак і запаленне знічоў на могілках на месцы апошяга спачыну Віктара Каліноўскага і іншых патрыётаў, ускладанне кветак у цэнтры гораду да помнікаў Кастуся Каліноўскага і Рамуальда Траўгута, выезд у Якушоўку ў колішняе родавае гняздо роду Каліноўскіх. Пры падтрымцы Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі будзе арганізаваны канцэрт, выступяць выканаўцы з песнямі пад гітару.

Дзень памяці паўстанцаў 1863 году праходзіць у Свіслачы ўжо цягам дваццаці гадоў. На фэст прыязджаюць грамадскія актывісты з усёй Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя