Алена Анісім гатовая ісці на прэзідэнцкія выбары (абноўлена)
Алена Анісім падцвярджае, што не выключае свайго ўдзелу ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2015 года. Беларускі філолаг, вядоўца праграмы „Беларуская мова“ на тэлеканале АНТ, намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны кажа, што галоўная мэта яе ды ейнай каманды – гэта кансалідацыя:
– На сённяшні дзень першасная задача – гэта кансалідацыя ўсіх патрыятычных сіл Беларусі, якія б сабраліся разам і зрабілі свой пасыл свету: мы хочам жыць у сваёй краіне. І як далей рухацца, што рабіць для гэтага, вось пра гэта і павінна ісці гаворка.
На пытанне, ці не баіцца Алена Анісім, як жанчына, ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, з улікам досведу выбараў 2010 года, яна адказвае – што яе каманда не мае падставаў для хваляванняў:
– Я не баюся па той простай прычыне, што для мяне не першасна дасягнуць нейкага асабістага поспеху. Для мяне вельмі важна, каб гэта быў поспех каманды, поспех патрыятычных сіл. Гэта для мяне на першым плане, а не прапіярыцца ці паказаць сябе. Таму для мяне вылучэнне – гэта другаснае пытанне, бо гэта не самамэта.
Каманда Алены Анісім – адкрытая для ўсіх грамадска адкрытых людзей, якія не баяцца выказаць сваё меркаванне і прынцыпова адстойваць свае погляды, для каго галоўная мэта – гэта суверэнная дзяржава.
Прыгадаем, што пра свае прэзідэнцкія амбіцыі раней заявіла іншая беларуская жанчына – лідарка кампаніі „Наш дом“ Вольга Карач з Віцебску.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Апазіцыйныя палітычныя сілы працягваюць пошук магчымых кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары 2015 года. Сярод патэнцыйных прэтэндэнтаў з’явілася прозвішча 51-гадовага філолага Алены Анісім. Яе кандыдатуру гатовая падтрымаць Рада беларускай інтэлігенцыі, пра гэта паведамляе “Наша ніва”.
Сябра Рады беларускай інтэлігэнцыі Валянцін Голубеў кажа, што гэтае пытанне яшчэ не абмяркоўвалася на радзе:
– Ад вас, па праўдзе, я пачуў пра гэта ўпершыню. На Радзе інтэлігенцыі гэтае пытанне не абмяркоўвалася. І паседжання такога ў нас яшчэ не было.
Алена Анісім Скончыла філфак БДУ.З 1991 года працуе ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук. Намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, адна з вядоўцаў штотыднёвай праграмы «Беларуская мова» на тэлеканале АНТ.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
51-гадовы філолаг Алена Анісім можа пазмагацца за прэзідэнцкае крэсла. Яна распавядае, з чым збіраецца ісці да да людзей, а таксама, што сёння для краіны першасна.
Новую кандыдатуру гатовая падтрымаць Рада беларускай інтэлігенцыі, піша “Наша Ніва”.
Алена Анісім нарадзілася 28 верасня 1962 года ў вёсцы Савані на Стаўпеччыне Менскай вобласці.
Скончыла філфак БДУ.
Яшчэ ў глухі савецкі час яна была актыўнай удзельніцай падпольнай незалежніцкай суполкі «Майстроўня». З 1991 года працуе ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук (з 2008 года называецца Інстытут мовы і літаратуры).
Намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, адна з вядоўцаў штотыднёвай праграмы «Беларуская мова» на тэлеканале АНТ.
“У выпадку неабходнасці буду балатавацца ў прэзідэнты”, – кажа яна.
РР: Пытанне пакуль канчаткова не вырашана?
Алена Анісім: Безумоўна. Зараз мы найперш вядзём гаворку пра тое, каб кансалідаваць грамадства. Лідар – гэта праблема другасная. Паўтаруся, на першым месцы – пытанне незалежнасці краіны. Гэта самае актуальнае пытанне для ўсіх нас! Усё астатняе можна вырашыць, як кажуць, у рабочым парадку. Таму зараз мы працуем над тым, каб кансалідаваць грамадства, сабраць усе патрыятычныя сілы, каб абмеркаваць нашу будучыню і вырашыць, што і як рабіць.
РР: Маральна сябе ўжо падрыхтавалі да ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі?
Алена Анісім: Калі пазіцыянуеш сябе як грамадскі лідар, то мусіш увесь час расці і браць на сябе ўсё больш адказнасці. Таму удзел у выбарах – гэта пытанне часу і сітуацыі. Калі бачыш, што людзі цябе разумеюць, то павінен рэалізоўваць іх надзеі і памкненні.
РР: Вам будзе што прапанаваць людзям?
Алена Анісім: Перш за ўсё я б ім прапанавала разам падумаць над будучыняй Беларусі. Каб людзі не баяліся і разумелі, што яны самі ў адказе за ўсё, што робіцца ў гэтай краіне. І тыя адказныя, хто маўчыць, і тыя, хто сябе не стрымлівае, і тыя, хто толькі крытыкуе. Кожны з нас уносіць свой унёсак у тое, як сёння выглядае краіна, і куды яна рухаецца.
РР: Удзел у такой кампаніі – вельмі няўдзячная справа…
Алена Анісім: У нас любая справа няўдзячная, калі вы не належыце да ўладных структур. Але гэта на сёняшні дзень. А што будзе заўтра? Сітуацыя, як паказвае сучаснасць, можа змяніцца ў адзін момант.
РР: Калі канчаткова вырашыцца, ці будзеце вы змагацца за прэзідэнцтва?
Алена Анісім: Думаю, да канца года на Кангрэсе за незалежнасць. Да таго часу ўжо будзе зразумела, хто і ў якім кірунку рухаецца. Убачым, хто думае пра Бацькаўшчыну, а хто пра свой стан унутранага задаволення.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота news.tut.by