Ці выкараскаюцца з ямы беларускія прадпрыемствы?
“Без рэформаў заводы будуць працаваць на склад”, – лічыць былы кіраўнік “Амкадора” Васіль Шлындзікаў.
13 з 16 галін беларускай прамысловасці за 8 месяцаў гэтага года, паводле дадзеных статыстыкі, працавалі са стратамі. У некаторых галінах стратнымі аказаліся больш за 50% прадпрыемстваў.
У параўнанні з 2014-м у гэтым годзе палепшылі фінансавыя паказчыкі толькі дзве галіны прамысловасці – хімічная і нафтаперапрацоўчая. Ва ўсіх астатніх галінах статыстыка зафіксавала пагаршэнне фінансавых вынікаў нават у параўнанні з не самым лепшым мінулым годам.
І, не гледзячы на падзенне тэмпаў прамысловай вытворчасці, у верасні складскія запасы ў Беларусі зноў выраслі.
РР: Адбыліся дэвальвацыйныя працэсы, якія павінны былі ажывіць экспарт, але складскія запасы павялічыліся. Чаму так адбываецца?
Васіль Шлындзікаў: Мне здаецца, што адна з галоўных праблем – гэта эканамічны крызіс у Расеі. Там жа сітуацыя пагаршаецца, а адсюль і наступствы ў Беларусі. Тым больш, што беларускую эканоміку “завязалі” ў асноўным на расейскую, і мала што рабілі ў апошні час для таго, каб выходзіць на іншыя рынкі.
РР: А сёння пераарыентавацца на іншыя рынкі складана?
Васіль Шлындзікаў: Надзвычай складана. Гэта справа не аднаго дня, тыдня і нават не аднаго года. Патрэбна сістэмная праца, рэформа прадпрыемстваў, перавод іх на рыначныя рэйкі, падвышэнне канкурэнтаздольнасці нашых тавараў. Адным словам, тут работы на гады.
РР: Раней была пастаўлена задача паслам, каб тыя шукалі рынкі ў краінах, дзе працуюць. Магчыма, тут краіну чакае прарыў?
Васіль Шлындзікаў: Пустое ўсё, ні да чаго такая ініцыятыва не прывядзе. Усімі такімі рэчамі павінны займацца спецыялісты, а не дыпламаты. Неабходна стратэгія ўваходжання ў рынак прадпрыемстваў і сур’ёзная падрыхтоўчая праца. З наскоку нічога не атрымаецца.
РР: У Беларусі не хапае добрых менеджараў?
Васіль Шлындзікаў: Безумоўна, і гэта самая сапраўдная праблема. Таму паляпшэння сітуацыі ў эканоміцы не бачу, год будзе вельмі складаны.
РР: За кошт чаго тады краіна будзе выжываць?
Васіль Шлындзікаў: Ведаеце, беларусы – такі народ, які прызвычаіўся выжываць у любых умовах. Іншага ж выйсця не застаецца. Можа быць, і крэдыты ў пэўнай ступені дапамогуць, калі іх дадуць. Хоць тут таксама асабліва пляскаць у далоні не варта. Рынкі ж закрыліся. Таму які сэнс даваць МАЗу крэдыт, калі ён не ведае, што рабіць са сваёй прадукцыяй? Атрымае прадпрыемства грошы, праіснуе яшчэ на іх нейкі час… А што далей? Светлай будучыні не відаць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя