У гарадзенскім Каложскім парку з’явілася свастыка
На “Алеі сяброўства”, што была пасаджана ў чэрвені гэтага года да Х фэста нацыянальных культур у гарадзенскім Каложскім парку, намалявалі свастыку.
Алея – гэта некалькі дзясяткаў дрэваў, пасаджаных прадстаўнікамі нацыянальных культур са стылізаванымі шыльдамі, на якіх пазначана прадстаўнікі якой нацыянальнай суполкі садзілі гэта дрэва.
Знакі свастыкі з’явіліся толькі на дзвюх шыльдах: на габрэйскай і на гішпанскай.
Акт вандалізму Беларускаму Радыё Рацыя каментуе старшыня гарадзенскай іудзейскай рэлігійнай абшчыны Барыс Квяткоўскі :
– Вельмі непрыемна, што такім чынам нехта хоча запэцкаць гісторыю Гародні. Я лічу, што гэта дурныя людзі, якім не хапае разумення, ведання гісторыі, пачуцця меры, што можна рабіць, а што – не. Магчыма, яны выказвалі нейкі пратэст, але растлумачце яго, толькі не такім чынам! Нельга псаваць настрой людзям глупствам такога кшталту.
Некалькі год назад падобныя знакі былі намаляваныя на імправізаваным уваходзе ў гета. Яны былі прыбраныя прадстаўнікамі габрэйскай абшчыны разам з камунальшчыкамі, а зламыснік, што іх зрабіў, так і не быў знойдзены.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Савелія Малчанава