Аперацыя „Зубр-2015”



Украінскія памежнікі працягваюць аперацыю “Зубр-2015” ва ўкраінска-беларускім і ўкраінска-польскім сумежжы. Галоўная мэта аперацыі – спыненне кантрабанды, плынь якой за апошні год павялічылася ў некалькі разоў.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

– Найбольш кантрабанды перапраўляецца праз Валынь, якая на поўначы мяжуе з Берасцейскай вобласцю Беларусі, а на ўсходзе – з Люблінскім ваяводствам Польшчы. З Беларусі ва Украіну традыцыйна перапраўляюцца тытунёвыя вырабы, якія потым з пяцікратнай выгодай перапрадаюцца на тэрыторыі Еўразвязу. Таксама ў Польшчу транспартуецца бурштын, які незаконна здабываюць на радовішчах у Ровенскай і Жытомірскай абласцях.

Апошнім часам значна пабольшала і кантрабанды ў Беларусь, куды з украінскага боку перапраўляюць ялавічыну ў таварных колькасцях. Прычына – вялікая розніца ў коштах на ялавыя тушы ва Украіне і ў Беларусі. Ялавічына з Валыні скупляецца  перакупшчыкам з Берасцейшчыны ў два разы даражэй, чым яе прадаюць валынскія фермеры.

Аперацыя “Зубр-2015” па кантролі ўкраінскай мяжы будзе доўжыцца да канца года. Але ж, калі браць пад увагу шматлікія “вокны” ва ўкраінска-беларускім сумежжы, гаварыць пра татальны кантроль сітуацыі не выпадае.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота 112.ua