У Беластоку прэзентуюць кнігу „Бежанства 1915 года”
“Бежанства 1915 года”— пад такім загалоўкам выйшла кніжка ўспамінаў пра падзеі 100-гадовай даўніны. Гэта папоўненае выданне з 2000 года. У ёй змешчана амаль 170 гісторыі сем’яў, якія перажылі трагедыю бежанства.
У нашай студыі, рэдактар новавыдадзенай кнігі, Віталь Луба.
РР: Амаль 170 сямейных гісторыяў, пераважна жыхароў Беласточчыны, дакументы, фотаздымкі. Можна сказаць, што праграмная рада тыднёвіка «Ніва» упісалася ў адзначэнне 100-й гадавіны гэта трагічнай падзеі для жыхароў Беласточчыны, і нават апярэдзіла гэты юбілей, паколькі, большасць з гэтых гісторыяў ужо публікаваліся. Кніга дапоўненая і гэта другое выданне, але дзякуючы таму, што гэтым пачалі займацца журналісты «Нівы» у нас ёсць непасрэдныя сведчанні ўдзельнікаў тых трагічных падзеяў, атрымаць якія сёння было б немагчыма.
Віталь Луба: Мы надрукавалі Другое, папоўненая выданне, і сюды ўвайшлі тыя запісы, якія друкаваліся ў «Ніве», ужо пасля выхаду першага выдання і нават сёлета, журналістка Ёанна Чабан, у наваколлі Крынак пашукала людзей. Яшчэ жыве пакаленне ўнукаў, якія помняць аповеды сваіх бацькоў, што дзецьмі ці маладымі людзьмі былі ў бежанстве. Мы гэтай кнігай, можна сказаць, «вылавілі» мноства аповедаў пра той трагічны лёс нашых людзей, якія ў 1915 годзе падаліся ў бежанства.
РР: Прынамсі ўсе, якія былі магчымыя ў дзевяностыя гады, калі яшчэ жылі людзі, якія на ўласным досведзе ведалі, што такое бежанства 1915 года. Чаму менавіта «Ніва» тады заняліся гэтая справай, пра якую ў тыя часы мала гаварылася і якая не была падзеяй дзяржаўнага ўзроўню ні ў Польшчы, ні ў Беларусі?
Віталь Луба: Ініцыятыва заняцца бежанствам выйшла ад прафесара Яўгена Мірановіча, які тады быў рэдактарам «Нівы» і старшынём праграмнай рады. Ён, як гісторык, арыентаваўся і ведаў, што гэтая тэма не даследуецца: ні ў нас, ні ў Беларусі. А сама «Ніва» пісала пра гэта і раней, бо людзі расказвалі, і журналісты «Нівы» запісвалі. Былі такія нашы карэспандэнты і чытачы, якія самі дасылалі свае ўспаміны. Напрыклад, айцец Гарустовіч, які апублікаваў цэлую падборку сваіх успамінаў, якія ўвайшлі ў гэтую кнігу. Гэтая тэмы жыла сярод людзей, але, ў свеце навукі, ніхто гэтым не займаўся. А па ініцыятыве Яўгена Мірановіча журналісты «Нівы» сталі збіраць гэта. Мы пераглядзелі ўсе падшыўкі і ўзялі адтуль, што толькі можна было і з ранейшых публікацыяў «Нівы» і з напрацовак нашых журналістаў. З усяго гэтага ў 200-м годзе ўзнікла першае выданне кнігі «Бежанства».
РР: Гэта наколкі я ведаю, найбольшы збор такіх успамінаў жывой вуснай гісторыі, якая цяпер становіцца моднай.
Віталь Луба: Так, але тут хачу звярнуць увагу, што гэтая кніга карыстаецца таксама цікавасцю ў навукоўцаў. На сёлетняй канферэнцыі ў Цеханоўцы якая між іншым была прысвечана Бежанству ў публікацыях выступоўцаў, я бачыў адноснікі на размовы з людзьмі, апублікаваныя ў гэтай кнізе. Навукоўцы спасылаюцца на яе.
РР: Ці гэтымі падзеямі заняліся або займаюцца гісторыкі ў Менску напрыклад? Бо некалі і для Варшавы і для Менска гэтая нашая, у пэўным сэнсе, «асабістая», гісторыя была крыху маргінальнай.
Віталь Луба: Цяпер, у наш час, ёсць зацікаўленасць, бо я гляджу нават па той канферэнцыі ў Цеханоўцы, дык там былі даследчыкі з Беларусі: з Менска, з Гародні і іншых гарадоў. Я таксама бачу зацікаўленасць гісторыкаў у тых губернях Расеі, куды трапілі нашы выхадцы. Адтуль таксама ёсць навуковыя працы, якія даследуюць той працэс, побыт, і ўсе аспекты пражывання «бежанцаў» у расейскіх губернях.
РР: Лічыцца, што з тых хто падаўся ў бежанства ў 1915 годзе, траціна не вярнулася назад: частка людзей памерла ад хваробаў, частка загінула падчас вайны, рэвалюцыяў, але нехта папросту застаўся ў тых губернях, ўпісаўся ў тамашняе жыццё.
Віталь Луба: Многія засталіся: дзяўчаты выходзілі замуж, хлопцы жаніліся там, уладкоўваліся на працу, недзе вучыліся. Павярталіся тыя, што мелі тут пакінутыя гаспадаркі, а там, папросту не прыжыліся. Тады была складаная і матэрыяльная і палітычная сітуацыя. Першы перыяд людзі ўзгадваюць вельмі нават станоўча, бо прынялі іх сардэчна, рассялілі, яны атрымлівалі грашовыя дапамогі, людзі дапамагалі ім з ежай, потым прымалі на працу. І можна сказаць, што да пачатку рэвалюцыі, гэта была «ідэлічная» атмасфера. Прынамсі, так бачыцца, калі чытаеш успаміны.
РР: І што там елі белы хлеб штодня, а не на Вялікдзень, як у нас.
Віталь Луба: А таксама тое, што не было бульбы і тых прыезджых называлі «Гродненская картошка», бо яны заўсёды хацелі бульбы, а там, як успамінаюць некаторыя, елі столькі бульбы, колькі ў нас мяса: там было многа мяса і мала бульбы, а ў нас — наадварот. Спачатку ўмовы былі добрыя, але потым, усе перамянілася. А калі ўжо можна было вяртацца, што не было простай справай, пасля ўсіх тых мірных дамоваў людзі пачалі афіцыйна афармляць дакументы, а некаторыя, нават, самі пераязджалі ўжо ў новую дзяржаву, праз дэмаркацыйную лінію.
РР: Часта на пустое месца, бо часам ад іх былых гаспадарак нічога не заставалася.
Віталь Луба: Таксама немцы не былі зацікаўленыя ў тым, каб пускаць на сваю акупаваную тэрыторыю бедных людзей, без працы, без грошай, бо імі трэба было апекавацца. Там было многа праблемаў, з тым вяртаннем. А калі пасля падпісання мірнай дамовы з’явіліся пагадненні, пачалі афармляць дакументы і людзі вярталіся да 1922 года, і нават, пазней. А потым было ўжо не вяртанне з бежанства, а рэпатрыяцыя: змяніўся статус гэтых уцекачоў.
РР: Гэта былі настолькі трагічныя падзеі для Беласточчыны, што імі жылі прынамсі яшчэ 2 пакаленні пасля гэтага вяртання. Як думаеце, чаму?
Віталь Луба: Бо бежанства перавярнула жыццё з ног на галаву: дыяметральна змянілася сітуацыя, людзі страцілі маёнтак, вярталіся на голае поле, выязджаючы пакідалі будынкі і калі вярталіся — рос маладняк. Людзі спачатку капалі зямлянкі і жылі ў іх па некалькі гадоў. Хадзілі «на Польшчу», значыць у польскія шляхецкія вёскі. І працавалі ў якасці парабкаў, пастухоў, дараблялі, абжываліся, а некаторыя нават жабравалі, каб здабыць нешта з ежы. Гэта былі дзесяцігоддзі, усё міжваеннае дваццацігоддзе было адбудовай таго, што яны пакінулі ў 1915-м годзе. Таму ўсё гэта настолькі ўелася ў грамадскую памяць не аднаго пакалення.
Прэзентацыя кнігі «Бежанства 1915 года» і сустрэча з яе рэдактарам, адбудзецца 22 кастрычніка, у 17 гадзін, у «Склепе з культурай», па вуліцы Чанстахоўскай 6а, ў Беластоку.
Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле.