Незапланаваныя археалагічныя раскопкі ў Пінску
У Пінску каля будынку калегіума адбыліся археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам прафесара Пятра Лысенкі. Там выяўлены рэшткі старажытнай сінагогі і царквы святога Сімеона. Таксама знойдзена казацкая шабля. Верагодна, што зброя нагадвае пра паўстанне Багдана Хмяльніцкага. Рэшткі сінагогі ўяўляюць асобную каштоўнасць. Яе з’яўленне стала магчымым дзякуючы рэфарматарцы Палесся, каралеве Боне, – адзначае краязнаўца Эдвард Злобін:
– Габрэі з’явіліся тут у 1506 годзе, задакументавана, што каралева Бона падаравала свой гарадскі дом для габрэяў. Польская гісторыя, яна як бы бачыць у гэтым негатыўны элемент. Для гісторыі Палесся – наадварот, больш прагматычнае ўспрыманне. Ад сінагогі ішла вуліца на старыя габрэйскія могілкі.
Археалагічныя працы ў Пінску праводзіць не планавалася. Падчас рэканструкцыі горада да абласнога аграрнага свята “Дажынкі-2014” працоўныя закранулі культурны пласт.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя