VI Міжнародны кангрэс супраць смяротнага пакарання пройдзе ў Осла
Беларускія праваабаронцы рыхтуюцца да VI Міжнароднага кангрэса супраць смяротнага пакарання, які ўлетку пройдзе ў Осла. Там, між іншым, па-ангельску прызентуюць дакументальную кнігу “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”, дзе сабраныя найважнейшыя дакументы па тэме. Абмен досведам і актуалізацыя праблемы, што існуе ў Беларусі – такія мэты ставіць перад сабой беларуская дэлегацыя, – кажа каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда:
– Там збіраюцца людзі, якія падтрымліваюць ідэі адмены смяротнага пакарання ва ўсім свеце. Там вельмі шмат тых, хто прымаў актыўны ўдзел у адмене смяротнага пакарання ў сваіх краінах. Мы дзелімся досведам, мы атрымліваем пэўную інфармацыю, заводзім новыя кантакты з людзьмі, якія працуюць у гэтым кірунку ва ўсім свеце.
Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе існуе кара смерцю – нагадваюць беларускія правабаронцы. Чарговы раз гэта тэма прагучыць на міжнародным узроўні, між іншым для гэтага дакументальная кніга “Смяротнае пакаранне ў Беларусі” перакладаецца на ангельскую мову.
Больш на гэту тэму сёння ў праекце “Месца для прэсы” а 19.30 паводле беларускага часу, у Польшчы – на гадзіну раней.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя