Марына Адамовіч: Мікалай бачыў феерверк у яго гонар



Марына Адамовіч, жонка палітычнага зняволенага, былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, распавяла, што яе муж у турме атрымаў шмат віншаванняў на дзень народзінаў. Нядаўна Статкевічу споўнілася 58 гадоў, а віншаванняў ужо больш за паўсотню, – кажа жонка вязня:

– Акрамя таго, вельмі прыемна, што ён бачыў феерверк, які быў зладжаны ў яго гонар у дзень яго народзінаў, і атрымаў віншаванні ад калег па няшчасці, я маю на ўвазе, што турма адрэагавала на гэта адпаведна. Таксама ў мяне яшчэ ёсць такая навіна, што яму вярнулі ўсе раней неданесеныя нумары газет, што для мяне таксама як нейкі святочны падарунак.

Атрымаў Мікалай Статкевіч і адмысловы нумар „Нашай Нівы”, які быў прысвечаны яму і выйшаў у яго дзень народзінаў.

Мікалай Статкевіч па артыкуле аб масавых беспарадках асуджаны на 6 гадоў зняволення за арганізацыю пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Адбывае пакаранне ў магілёўскай турме №4.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя