Польшча абірае новы склад Сейма і Сената (абнаўляецца)



У Польшчы праходзяць выбары дэпутатаў у новы склад Сейма і Сената.

выбары

 

За дэпутацкія мандаты змагаюцца 8 тыс. кандыдатаў. За крэсла Сенатара — больш за 400.

Дэпутаты абіраюцца ў 41 шматмандатнай выбарчай акрузе, у кожнай з якіх ёсць ад 7 да 19 дэпутацкіх мандатаў (у залежнасці ад колькасці выбарцаў у акрузе).

У сёлетніх выбарах права голасу маюць больш за 30 млн. грамадзянаў Польшчы. Прагаласаваць можна на 27 тыс. выбарчых участках.

Да завяршэння галасавання, да 21 гадзіны польскага часу, доўжыцца выбарчая цішыня, за парушэнне якой прадугледжаны вялізныя штрафы (да 250 тыс. еўра). Выбарчая цішыня распаўсюджваецца не толькі на радыёстанцыі й тэлебачанні, але таксама на інтэрнэт.

Дзяржаўная выбарчая камісія Польшчы 26 кастрычніка плануе паведаміць, якія выбарчыя камітэты і з якім вынікам пераадолелі выбарчы парог і трапілі ў Сейм. Афіцыйныя вынікі са звесткамі пра размеркаванне мандатаў Камісія плануе абвесціць, 27 кастрычніка.

Пасля закрыцця выбарчых участкаў, у 21:00 польскага часу, стануць вядомымі неафіцыйныя вынікі парламенцкіх выбараў у Польшчы, апрацаваныя на падставе экзіт-полаў: апытання выбарцаў на выхадзе з выбарчага ўчастка.

Пералічым некалькі адрозненняў ад таго, як электаральная кампанія праходзіць у Беларусі.

Да прыкладу, тэледэбаты між асноўнымі канкурэнтамі транслявалі адначасова як дзяржаўныя, так і прыватныя польскія тэлеканалы і найбуйнейшыя парталы.

Сацыялагічныя апытанні ў Польшчы праводзяць незалежныя ад дзяржавы і асобных партыяў сацыялагічныя службы.

Для  таго, каб патрапіць у Сейм партыя павінна набраць мінімум 5% галасоў, а блок — 8%. Сістэма выбараў у Сейм — прапарцыйная. У Сенат жа выбіраюць па мажыратарнай сістэме простай большасцю галасоў.У Сейме 460 дэпутатаў, у Сенаце — 100.

Польшча — дэмакратычная краіна, таму кіруючая і апазіцыйныя сілы маюць роўны доступ у тым ліку да дзяржаўных СМІ.

***

Па словах экспертаў, вынікі гэтых выбараў маюць большае значэнне для будучыні краіны, чым выбары прэзідэнта. Як адгукнуцца польскія выбары ў адносінах да Беларусі? З такім пытаннем мы звярнуліся да палітолага Валера Карбалевіча:

— Для большасці краінаў Еўразвязу беларуская праблема не найважнейшая, таму парадак дня адносна Беларусі фармуюць такія краіны, як Польшча, Латвія, Літва, якія мяжуюць з Беларуссю. Змена ураду ў адной асобнай краіне наўрадці можа паўплываць на знешнюю палітыку Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі.

Тым ня менш, пасля выбараў у Польшчы Валер Карбалевіч не выключае пэўных карэктываў у беларуска-польскіх адносінах. У прыватнасці, па праблеме расколатага Саюзу палякаў на Беларусі.

Таксама магчыма, што Варшава стане больш актыўна ўплываць на палітыку Бруселя ў дачыненні да Менска.

***

Як праходзяць выбары на Падляшшы.

У Падляшскім ваяводстве права голасу маюць каля 960 тыс чалавек. Яны абіраюць 14 дэпутатаў і трох сенатараў.

У Бельску-Падляшскім працуе 14 выбарчых участкаў. Аддаць голас за свайго кандыдата ў Сейм ды Сенат вырашыла ўжо даволі шмат людзей. На выбарчых участках можна было сустрэць як маладых, такі старэйшае пакаленне :

— Гэта абавязак.

— Я ўсё жыццё галасую. Калі толькі магла — галасавала.

— Няхай маладыя ўваходзяць туды і робяць і будзем спадзявацца, што так будзе.

— А можа будзе лепш, новыя месцы працы.

Па стане на 11.00, у выбарчым участку № 8 у Бельску-Падляшскім яўка склала 17,5 %.

[Not a valid template]

Паводле дадзеных Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы выбарчая яўка на 12 гадзіну ва ўсёй Польшчы склала 16,47% адсоткаў. Найбольш актыўна галасавалі ў Беластоку.

У выбарчых участках на Сакольшчыне натоўпаў няма. Традыцыйна, большая колькасць выбаршчыкаў, прыходзяць на галасаванне пасля царкоўных службаў:

— Ну трэба ж выканаць грамадскі абавязак. Калі мы усе будзем галасаваць і прыходзіць на выбары, дык нешта з гэтага і выйдзе. Калі кожны будзе рабіць, што належыць рабіць.

— Паводле мяне павінен быць прымус.

— Я вельмі хачу, каб у краіне адбыліся нейкія змены і таму прыйшла і прагаласавала.

— Я б не ішоў галасаваць, калі б ведаў, што гэта ніяк не дапаможа.   

У Гайнаўцы перад выбарчымі камісіямі таксама не відаць натоўпу людзей, але ўсе падкрэсліваюць што галасаванне ў выбарах гэта абавязак грамадзяніна:

— Я ўжо маю сваіх абраных і пасля царквы пайду прагаласую.

— Мы галасавалі за сваіх. А сваімі я лічу беларусаў, або, прынамсі тых, што прызнаюцца беларусамі.

— Мы яшчэ не падумалі за каго, але пойдзем галасаваць.

— За тых, што свежыя.

— За тых каго мы ведаем, і хто можа нешта для нашага рэгіёну зрабіць.

— Трэба было б за свайго, але я не ведаю, хто там ёсць. Спачатку прачытаю: хто там.

— Трэба каб быў хтосьці хто адстаіць нашы інтарэсы, тым больш што ў Польшчы мы — меншасць.

Галасуюць і жыхары гміны Чыжы:

Я заўсёды галасую і лічу, што кожны павінен.

— Трэба прымусова галасаваць. Раз у 4 гады выканаць свой абавязак.

— Я не з абавязку, я ахвотны. Я хаджу на кожныя выбары. Мы не камусьці выбіраем, а самім сабе.

— Я з 1929 года і ўжо невядома ці дачакаюся наступнага галасавання.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя