У Гародні адзначаюць 70-годдзе ААН
Тэма прасоўванне здаровага ладу жыцця і дабрабыту для прадстаўнікоў розных узроставых катэгорый шырока абмяркоўвалася ў Гародні падчас правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
Горад над Нёманам першым з беларускіх гарадоў прыняў адмысловы цягнік «Экспрэс ААН – 70 у Беларусі для мэтаў устойлівага развіцця».
У абласным цэнтры прадстаўнікі ААН, мясцовыя ўлады і пазаўрадавыя арганізацыі правялі больш пяцідзесяці мерапрыемстваў па пытаннях аховы здароўя, экалагічнай бяспекі, прафілактыкі віч–інфекцыяў і наркаманіі, рэабілітацыі інвалідаў і іншых аспектах устойлівага развіцця.
Таксама адбыліся прэзентацыі праектаў, якія ажыццяўляюцца пры непасрэднай падтрымцы ААН і, па словах старшыні абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Раманіі Скамарошка, з’яўляюцца вельмі неабходнымі для Гарадзеншчыны:
— Дзякуючы методыцы і падтрымцы ААН мы актыўна працуем з асаблівымі групамі насельніцтва. У сувязі з прыняццём дэкларацыі пра мэты ўстойлівага развіцця, мы спадзяемся, што некаторыя мэты будуць агульнымі для Рэгіянальнага аддзялення Чырвонага Крыжа ў Гародні, і для ААН.
Яніна Кузюк, уласніца агра-сядзібы: фальварак «У рыся»:
— Гэта вялізная дапамога для маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Яны атрымалі малівасць рэалізоўваць свае планы.
Лена Майсюк, арганізацыя «Зялёны крыж»:
— Праца з праектамі ААН вельмі патрэбная, бо, прыкладам падтрымка праграмы па Чарнобылю, па аздараўленні дзяцей Чарнобыля вельмі важная для грамадства.
У мерапрыемствах пад эгідай ААН прынялі ўдзел вядомыя беларускія спартоўцы, артысты эстрады і тэатра, якія заахвочвалі жыхароў Гародні весці актыўны і здаровы лад жыцця. Кожны ахвотны меў магчымасць здаць экспрэс–тэст на выяўленне віч – інфекцыі.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня