Значныя скарачэнні працоўных ў Берасці



Амаль на 600 чалавек скарацілася колькасць працоўных Будаўнічага трэста №8 у Берасці.

Гэтая лічба склала больш за 10 % ад агульнай колькасці супрацоўнікаў.

Такія звесткі апублікаваныя ў справаздачы Міністэрства фінансаў па адкрытых акцыянерных таварыствах.

«Колькасць працаўнікоў скарачаецца і будзе скарачацца», — адзначыла старшыня берасцейскай абласной арганізацыі Прафсаюзаў Радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіда Міхнюк:

 — Тое, што мы сёння не зрабілі новы выбар, сведчыць пра тое, што бяспраўе будзе працягвацца. Замест таго, каб спытаць з прэзідэнта: чаму мы да такога дапрацаваліся, чаму у нас настолькі нізкія заробкі, што не павышаюцца гадамі, чаму у нас скарачаюць працоўных на асноўных прадпрыемствах. Бо калі ў Будтрэсце скарацілася 600 чалавек, дык, значыць, дамы будуць павольней будавацца і хтосьці недаатрымае кватэраў.  

Больш за ўсіх з найбуйнейшых адкрытых акцыянерных таварыстваў па колькасці працоўных страціў Гомельскі завод ліцця і нармалей – мінус 14 працэнтаў або звыш 620 працаўнікоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце