Сакратар: Не трэба блытаць выбарчы ўчастак з рэстарацыяй!
Выбары ў мясцовыя органы ўлады, якія прайшлі ва Украіне, былі далёкія ад дасканаласці. Некаторыя кандыдаты ў дэпутаты свядома парушалі “час цішы”. Журналісты і незалежныя назіральнікі зафіксавалі шматлікія спробы подкупу выбаршчыкаў. А частка выбарчых участкаў увогуле так і не запрацавала.
Але ж украінскія выбары моцна адрозніваюцца ад тых, што ўжо шмат гадоў практыкуюцца ў Беларусі.
Ці прымушаюць украінцаў галасаваць датэрмінова? Якія правы маюць незалежныя назіральнікі? Чаму на ўкраінскіх выбарчых участках няма буфетаў са спіртным?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Аксанай Паліскай, сакратаром выбарчага участку 741018 горада Чарнігава, тыповага для Паўночнай Украіны.
РР: Чаму ва Украіне такая неверагодная ўвага да мясцьвых выбараў?
Аксана Паліская: Усё пачынаецца “знізу”. Людзі ведаюць сваіх дэпутатаў значна лепш, чым, напрыклад, дэпутатаў Вярхоўнай Рады, таму што куды больш з імі кантактуюць, бачаць іх на экранах мясцовага тэлебачання, а таксама на працы і ў побыце, і могуць паўплываць на іх дзейнасць. Мясцовыя дэпутаты могуць зрабіць нейкую канкрэтную працу – вядома ж, не ў масштабах усяе Украіны, але такую, якая будзе відна гараджанам.
РР: Ці заганяюць тут людзей прымосова, каб яны галасавалі датэрмінова?
Аксана Паліская: Ні! Ані ў якім разе! Згодна ўкраінскага заканадаўства, усім выбарцам былі разасланыя запрашэнні. Гэта ўжо яго воля – як галасаваць, за каго галасаваць і ці галасаваць увогуле.
РР: На нядаўніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі на шмат якіх выбарчых участках былі буфеты з танным спіртным. Чаму няма алкагольных буфетаў на вашым участку?
Аксана Паліская: На нашых выбарчых участках “харчовыя блокі” не прадугледжваюцца. Мы не стаўляем сталы, каб людзі закусвалі, а тым больш – кулялі тут чаркі. Гэта можна зрабіць у іншых месцах, але не на ўчастку для канстытуцыйнага волевыяўлення. Не трэба блытаць выбарчы ўчастак з рэстарацыяй!
РР: Хто назірае за выбарамі на вашым участку?
Аксана Паліская: У нас тут працуюць афіцыйныя назіральнікі, прысутныя таксама кандыдаты ў мясцовыя дэпутаты. Увогуле, кожны, хто мае права быць назіральнікам ці даверанай асобай, можа спакойна тут працаваць.
РР: Якая працэдура падліку галасоў? Як гэты падлік праходзіць?
Аксана Паліская: Усё згодна з Выбарчым кодэксам Украіны. Спярша падрахоўваецца агульная колькасць людзей, якія бралі ўдзел у выбарах згодна спіскаў, а потым ідзе падрахунак усіх бюлетэняў, якія былі пададзеныя за таго ці іншага кандыдата.
РР: А якія правы пры гэтым у назіральнікаў? Ці маюць яны права стаяць побач са сталамі, дзе ідзе падрухунак галасоў?
Аксана Паліская: Вядома ж, так! Яны ўвогуле могуць рабіць усё, што лічаць патрэбным. Яны могуць быць прысутнымі, нават калі старшыня выбарчай камісіі агучвае папярэднія вынікі за кожнага кандыдата і глядзець у гэты момант у пратаколы падлікаў, ці правільныя лічбы называюцца ў гэты момант.
РР: Ці маюць права назіральнікі рабіць фота- і відэафіксацыю, як тыя бюлетэні падрахоўваюць?
Аксана Паліская: Вядома ж, назіральнікі маюць такое права. Датаго ж, на шмат якіх участках працуюць прадстаўнікі медыа, у тым ліку і недзяржаўных. Журналісты маюць права браць інтэрв’ю і ў назіральнікаў, і ў чальцоў камісіі.
РР: Ці былі нейкія спробы подкупу выбаршчыкаў?
Аксана Паліская: На нашым участку не было. Калі нешта падобнае і было, то на іншых участках – у нас тут усё спакойна.
РР: Тым не менш, у Чарнігаве ўжо зафіксаваныя спробы грашовага подкупу выбаршчыкаў! Некаторыя кандыдаты ўжо раздавалі так званую “грашовую дапамогу” пао 500 і па 800 грыўняў!
Аксана Паліская: Я таксама пра такое чула. Але ў мяне няма аніякіх дакументальных сведчанняў пра такія парушэнні, і таму пра гэта я сказаць не магу.
Усяго ва Украіне працавала 29 266 выбарчых камісій, на якіх прысутнічала 132 афіцыйных назіральніка і больш чым 1420 прадстаўнікоў замежных арганізацый.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя