На беларускай мяжы затрымалі ўкраінскі аркестр
На ўкраінска-беларускай мяжы, у пункце пропуску Новая Гута ўжо 8 гадзінаў трымаюць аўтобус з украінскімі музыкамі. Іх не прапускаюць на тэрыторыю Беларусі.
Музыкі ўкраінскага New Era Orchestra транзітам накіроўваліся праз Беларусь у Вільню, дзе 27 кастрычніка ў іх запланаванае выступленне на музычным фестывалі.
Аднак, на беларускай мяжы музыкаў з надуманых прычынаў спынілі. Ім ніхто ня можа дакладна растлумачыць, што адбываецца, чаму іх трымаюць на мяжы і якія да іх прэтэнзіі.
Па словах дырыжоркі Таццяны Калінічэнка, „музыкі ўжо 5 раз прайшлі мытны дагляд”. „Увесь час нам кажуць, што трэба нешта ўнесці ў нейкія базы звестак. Пайшла ўжо сёмая гадзіна, якую мы стаім на мяжы. І нам цяпер давядзецца начаваць у аўтобусе, ў полі”.
У аўтобусе знаходзяцца 23 музыкі. Цяпер з імі і з беларускімі ўладамі спрабуе звязацца ўкраінскі консул.
Фота: concert.ua