Януш Пехацінскі „за” скасаванне санкцый у дачыненні да Беларусі



„У беларуска-польскіх эканамічных адносінах няма пазітыўнай дынамікі”. Падводзіць вынікі міністар эканомікі Польшчы, віцэ-прэм’ер ураду, старшыня Польскай сялянскай партыі (PSL), Януш Пехацінскі, які ў хуткім часе пакіне гэтую пасаду ў сувязі з перамогай апазіцыі на парламенцкіх выбарах.

007233_r0_940

На думку міністра, гэта найперш звязана з тым, што Крэмль цягне “ўніз” гаспадарку Беларусі. “Трэба памятаць пра тое, што яшчэ да крызісу ва Ўкраіне, эканомікі Беларусі, Украіны і Расеі былі для нас па важнасці ў першай дзясятцы”, – адзначыў Януш Пехацінскі:

Украіна была для нас галоўным месцам укладання замежных інвестыцый, мы вельмі разлічвалі таксама на Беларусь. Але гэтае пытанне не трэба толькі зводзіць да палітычна-дыпламатычнага канфлікту, то бок да складаных адносінаў пасля падзей ва Украіне паміж Крамлём і Бруселем, паміж Крамлём і Варшавай. Гляньце на сітуацыю з выкарыстаннем портаў для перавалкі грузаў. Для беларускай эканомікі польскі Гданьск – гэта акно ў свет, таксама як і порты краін Балтыкі. У нас супольныя інтарэсы, калі казаць пра транспартныя калідоры. Таксама важны момант, што з аднаго боку ўзмацняецца Еўропа, а з іншага – Мытны саюз. Брак сустрэчаў і размоваў на ўзроўні міністраў, прэм’ераў, прэзідэнтаў паміж Крамлём і Бруселем прыводзіць да таго, што мы значна разыходзімся на практычным узроўні, але ж граніца Польшчы з Украінай, Беларуссю і Расеяй не можа быць граніцай замкнёнай. Гэтая граніца павінна быць прыязнай і рацыянальнай, бо мы гаворым пра добрасуседства. Мы славянскія народы, паміж намі ёсць разуменне, ёсць шмат кантактаў на ўзроўні людзей, культуры, і гэтае заданне стаіць перад уладамі.

Януш Пехацінскі закрануў і палітычны аспект пытання, а менавіта крызіс ва Ўкраіне, і сказаў, што “мы вельмі ўдзячныя Беларусі за менскія пагадненні”:

У цяжкім умовах і грамадства, і ўлады Беларусі адназначна выказаліся за непарушнасць граніц у нашай частцы свету – гэта вялікая справа. Таксама ўлады Беларусі ўзялі на сябе абавязак гаспадара-медыятара ў гэтым пытанні, і гэта таксама вялікая справа. Таму я прыхільнік, і не толькі таму, што я сустаршыня польска-беларускай міжурадавай камісіі па эканамічнай супрацы, я падтрымліваю, каб Польшча рабіла намаганні па скасаванні ўсіх абмежаванняў і санкцый, бо нам патрэбная максімальна добрая супраца. Асабліва гэта тычыцца малых і сярэдніх прадпрымальнікаў тых ваяводстваў, якія мяжуюць ці то з Гарадзеншчынай, ці то з Берасцейшчынай. І засмучае мяне тое, што мы маем эканамічны спад з-за “расейскага віру”, які не дае добрых магчымасцяў развіцця і для эканомікі Беларусі. Таму па-першае, мы павінны акцэнтаваць увагу на добрасуседскіх стасунках, і Беларусь у Мытным саюзе, і Польшча ў Еўрапейскім саюзе, павінны быць прадстаўнікамі ўзаемных інтарэсаў. Па-другое, шмат застаецца для працы па збліжэнні народаў і грамадства, бо мы вырасталі з агульнай культурнай спадчыны.  Мы маем гандлёва-прамысловыя палаты, якія мы падтрымліваем, працуюць Свабодныя эканамічныя зоны па абодва бакі мяжы, і ёсць некалькі сфераў, дзе мы сапраўды можам супрацоўнічаць.

Міністар Януш Пехацінскі прыгадаў, што ў мінулым годзе, калі Польшча мела праблемы са збытам малака, Беларусь перарабляла польскае малако, а сваё айчыннае экспартавала ў Расею. Таму бачыць вялікія магчымасці ў такім супрацоўніцтве і пасярэдніцтве.

Мяне засмучае тое, што на неспрыяльным палітычным фоне мы не выкарыстоўваем напоўніцу свайго транзітнага размяшчэння. Усе бакі маюць пэўныя перасцярогі, калі казаць пра інвестыцыі, і гэта вельмі дрэнна, бо нават у часы запавольвання еўрапейскай і сусветнай гаспадарак, трэба рыхтаваць грунт пад кан’юнктуру. Няма паразумення паміж Крамлём і Бруселем – значыць трэба захаваць тое, што мы можам захаваць, ды актывізаваць добрыя адносіны паміж Варшавай і Менскам і прадпрымаць супольныя дзеянні. Нельга дапусціць, што на фоне неразвязанай сітуацыі на ўсходзе Украіны і Крыму, раптам паўстане мур на мяжы Еўразвязу і Мытнага саюзу, мур, падобны якому 25 гадоў таму руйнавалі ў Берліне, і гэты мур можа паўстаць паміж прыязнымі да сябе грамаствамі і эканомікамі, беларускай і польскай. Я звяртаюся да сваіх калегаў, да старшыні Рады Еўропы Дональда Туска, каб яны зрабілі высновы з той актыўнасці і рацыянальнасці, якія Беларусь выявіла летась у пытанні крызісу ва Ўкраіне. І каб гэта быў дадатковы аргумент ва ўзаемаадносінах, бо на ўзроўні нашых жыхароў, бізнесоўцаў, і нашых урадаў мы можам выявіць адзін да другога больш узаемнай зычлівасці, чым гэта было ў апошнія гады.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота parlamentarny.pl