У Гародні распавядуць пра гісторыю габрэяў



На гарадзенскіх “Гістарычных аўторках” узгадаюць гісторыю габрэяў на Гарадзеншчыне. Пра гісторыю “богам абранай нацыі” і яе прыход на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага будзе распавядаць найлепшы знаўца іх гісторыі, старшыня гарадзенскай іўдзейскай абшчыны Барыс Квяткоўскі.

Чаму арганізатараў зацікавіла габрэйская тэма – тлумачыць арганізатар “Гістарычных аўторкаў” Андрэй Несцяровіч: – Габрэі жылі тут, побач з намі, не адно і не два стагоддзі. Яны зрабілі значны ўнёсак у нашу агульную культуру. Гэта архітэктура, якую мы бачым кожны дзень, калі выходзім на вуліцу. Гэта свой кавалак культуры, цалкам незалежнай. Плюс да ўсяго ёсць дастаткова ўстойлівы негатыўны стэрэатып наконт габрэяў, які пайшоў хіба з савецкіх часоў. І хацелася б, каб ён хутчэй знік, бо габрэі – гэта вельмі культурная, цікавая і адукаваная нацыя са сваёй непаўторнай культурай. Пра іх варта ведаць. Трэба ведаць сваіх суседзяў, што жывуць побач.

На “Гістарычных аўторках” у Гародні ўжо выступалі Андрэй Вашкевіч і Віктар Саяпін, Міхал Анемпадыстаў і Аляксей Кайрыс. Пачатак сустрэчы ў гарадзенскай “Краме Ц” у 19 гадзін.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня