Чаго вартыя беларускія ўзнагароды?
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавядае пра вартасць нацыянальных узнагарод.
Пасля ўручэння ордэна Францыска Скарыны Віктару Дробышу – аўтару папсовых песень кшталту „Часики” ці „Секс не любовь”, многія задаліся пытаннем: „Чаго тады вартыя такія ўзнагароды?”
Алег Трусаў: Сам ордэн Францыска Скарыны быў, ёсць і павінен быць. Каму яго ўручаць і калі – гэта ўжо справа не ордэна. Гэта як нацыянальная сімволіка. Хто б ёй не карыстаўся, але яна заўсёды застаецца нацыянальнай. Так і з ордэнам. Я лічу, што яго немагчыма дыскрэдытаваць. Дыскрэдытуецца той чалавек, які не па адрасе яго ўручае.
РР: Але некаторыя задаюцца пытаннем: “У такім разе ці не дэвальвуецца сама ўзнагарода?»
Алег Трусаў: Ні ў якім разе. Паўтаруся, нашы апаненты неаднойчы заяўлялі, што нацыянальнымі сімваламі карысталіся калабаранты ў часы вайны, таму зараз не трэба імі карыстацца. Гэта няправільна… Так і ў выпадку з ордэнам. Скарына і праз 500 гадоў будзе нашым нацыянальным героем, а тыя, хто дыскрэдытуюць нацыянальную ідэю, то ці будуць іх праз 50 гадоў памятаць. Асабліва тыя, каму ордэн даецца, скажам так, не па праву.
РР: А як вы ставіцеся да творчасці таго ж Дробыша?
Алег Трусаў: Каб гэты чалавек спрыяў развіццю беларускай культуры… Вось Мулявіну я б гэты ордэн даў. Больш таго – Мулявіну я даў бы і Героя Беларусі. І рэч тут не ў нацыянальнасці чалавека, не ў грамадзянстве. Рэч у тым, што ён добрага зрабіў для краіны. Я, напрыклад, не ведаю, што добрага для Беларусі зрабіў гэты чалавек як спявак і кампазітар. Калі нічога асаблівага, то даваць яму беларускія ўзнагароды проста смешна. Тым больш, што і ў Расеі гэта будзе выглядаць даволі смешна.
РР: А чаму так адбываецца, што прадстаўнікі нейкай расейскай “папсы” атрымліваюць высокія дзяржаўныя ўзнагароды ў Беларусі?
Алег Трусаў: Гэта тое самае, што з барскага пляча далі стары кафтан, як раней у Расеі было модна. Тады ж цары даваялі баярам сваё футра. Гэта адзнака асаблівай любові манарха. Так было і ў іншыя часы. Увогуле, любая ўзнагарода – яна суб’ектыўная. Іншая рэч, калі казаць пра большасць і меншасць думкі, каму тую ці іншую ўзнагароду даць. Памятаеце, як Брэжневу вешалі ордэны і медалі, давалі Героя СССР? Але ж былі і сапраўдныя героі, якія кідаліся пад нямецкія танкі. Таму мы ж не будзем да Брэжнева з яго ўзнагародамі ставіцца так, як да чалавека, які на самой справе іх заслужыў. А ордэн Францыска Скарыны будзе і пры наступных прэзідэнтах. І, мяркую, раздаваць узнагароды будуць па іншым прынцыпе. Больш за тое. Думаю, неабходна і грамадскае абмеркаванне, калі некага ўзнагароджваюць, альбо камісія. Гэта не павінен вырашаць адзін чалавек. Нобелеўскія ж прэміі не кароль раздае, а камітэт разглядае кандыдатуры. Тое самае павінна быць і па беларускіх вышэйшых узнагародах.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота kp.by