16 жніўня – сусветны Дзень бадзяжных жывёл (абноўлена)
16 жніўня ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень абароны бадзяжных жывёл. Штодзень сотні бадзяжных жывёлаў паміраюць на вуліцах, яшчэ сотні – трапляюць у рукі камунальных службаў.
Берасцейская абаронца жывёлаў Ірына Сіняпкіна адзначыла, што большасць грамадзян абыякавая да лёсу меншых сяброў чалавека:
– Клопаты пра бадзяжных жывёлаў пасля распаўсюджваюцца і на клопаты пра людзей. Як чалавек адносіцца да жывёлаў, так ён пасля будзе адносіцца і да людзей. Гэта маё меркаванне. Пра Дзень аховы бадзяжных жывёл большасць жыхароў нашага горада не ведае. А тыя, хто дапамагае, па праўдзе кажучы, выбіваюцца з апошніх сіл.
Як адзначыла Ірына Сіняпкіна, у Берасці так і не вырашылася пытанне са сталым прытулкам для жывёлаў. “Людзі, якія займаюцца пошукам гаспадароў для бадзяжных жывёлаў, выступаюць за тое, каб у горадзе хаця б з’явіліся некалькі кропак для іх стэрылізацыі, гэта б часткова палепшыла сітуацыю,” – дадала абронца жывёлаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
* * *
У Пінску адзначаць Міжнародны дзень абароны бадзяжных жывёл. Штогод 16 жніўня ва ўсім свеце валанцёры заалагічнага руху праводзяць тэматычныя акцыі, якія скіраваныя на прыцягненне ўвагі да праблемы бадзяжных жывёл. У горадзе над Пінай акцыю правядзе гарадское добраахвотнае таварыства “Абарона жывёл”. Сябра праўлення аб’яднання Алена Рамановіч адзначае, што акрамя асветніцкай задачы, галоўнае – сабраць ахвяраванні на патрэбы чацвералапых:
– 16 жніўня сусветны Дзень бадзяжных жывёл. Гэта дата, якую мы не абміноўваем кожны год. У гэтым годзе мы абмяжуемся зборам сродкаў. То бок будзе адначасова праводзіцца збор сродкаў на розных рынках горада. Будуць выходзіць валанцёры са скрынкамі і збіраць сродкі, якія затым пойдуць на рахунак таварыства, і затым на аплату стэрылізацыі бяздомых жывёл, і на дапамогу жывёлам, якія трапілі ў бяду.
Пінскія валанцёры вырабілі некалькі дзясяткаў інфармацыйных плакатаў з заклікам не быць абыякавымі да жывёлаў і жыць з імі ў гармоніі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя