Былога старшыню “Беллегпрама” будуць судзіць у Гародні



Крымінальная справа былога старшыні канцэрну “Беллегпрам” Міхаіла Сучкова будзе разглядацца ў адкрытым фармаце. Пачатак слуханняў – 2 лістапада ў Гарадзенскім абласным судзе. Былы кіраўнік “Беллегпраму” абвінавачваецца па шэрагу артыкулаў крымінальнага кодэкса, сярод якіх – атрыманне хабару і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Разам з Міхаілам Сучковым на лаве падсудных знаходзяцца дырэктар Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі і памочнік дырэктара кампаніі “Флексамір”. Як зазначае праваабаронца Гары Паганяйла, крымінальныя справы супраць чыноўнікаў высокага ўзроўню сталі пры кіраванні краінай Аляксандра Лукашэнкі паўсядзённасцю:

– Вельмі зручна пад сцягам карупцыі трымаць усё сваё чынавенства ў сваіх жорсткіх руках. І ён дзейнічае па правілах: каго хачу памілую, каго хачу казьню. І заканадаўства выбудаваў менавіта такім чынам. Відаць у ніводнай постсавецкай краіне няма такога заканадаўства, пры якім маецца магчымасць звярнуцца да прэзідэнта, і ён можа вызваліць карупцыянера.

Інфармацыя пра пачатак судовых слуханняў у адносінах да Міхаіла Сучкова і яго падзельнікаў з’явілася на фэйсбуку прэс-сакратара Вярхоўнага суда Юліі Лясковай. Раней паведамлялася, што ў межах расследавання гэтай крымінальнай справы канфіскавана больш за мільён даляраў, некалькі кватэр у Менску і прэстыжныя аўтамабілі.

Беларускае Радыё Рацыя