„Бачонак” запрашае на бясплатны спектакль
29-га кастарычніка гарадзенцы змогуць бясплатна ўбачыць спектакль „Ханума” ў пастаноўцы народнага тэатара-студыі „Бачонак”. Спектакль пачнецца а 19-й гадзіне ў памяшканні Гарадскога дома культуры, што па вуліцы Дзяржынскага. Чаму пастаноўка паводле Аўксенція Цагарэлі для гледачоў дармовая, кажа рэжысёр тэатра-студыі „Бачонак” Сяргей Бачкоў.
– А таму, што у нас зараз усё на продаж. Тое на продаж, сёе на продаж. А душа? Што і яна павінна прадавацца? Не. І вось мы вырашылі сваім народным эксперыментальным тэатрам-студыяй «Бачонак» паказаць нашым гледачам Гарадзеншчыны бясплатны спектакль. Хай прыходзіць хто хоча, як хоча, прыводзіць з сабой сяброў, каго хоча – таго няхай і прыводзіць. Мы з вялікім задавальненнем і самае галоўнае – дарма з вялікім натхненнем сыграем для іх гэты наш спектакль. І гэта яшчэ толькі пачатак.
Як кажа Сяргей Бачкоў, адзінае, што вымагаюць ад гледача: бясплатныя апладысменты. Калектыў тэатра мае ўжо шэсць з паловай гадоў. Год таму атрымаў званне народнага. У рэпертуары калектыва ёсць пакуль толькі адна беларускамоўная пастаноўка „Пакрыўджаныя” паводле п’есы Леапольда Родзевіча.
Рэжысёр тэатра-студыі „Бачонак” Сяргей Бачкоў
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя