Праз Беларусь – ва Украіну: затрыманы двое сепаратыстаў



Беларусь становіцца транзітнай краінай, праз якую ва Украіну прасочваюцца баевікі з Данбаса. Пра затрыманне на беларуска-ўкраінскай мяжы двух сепаратыстаў афіцыйна паведаміла Дзяржаўная памежнай служба Украіны.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

– Падчас праверкі дакументаў на памежным пункце пропуска “Прыкладнікі”, што на мяжы Ровенскай і Берасцейскай абласцей, украінскія памежнікі затрымалі двух грамадзянаў Украіны, у якіх замест пашпартоў былі толькі “Даведкі пра вяртанне”. Затрыманыя паводзілі сябе падазрона, і таму да іх праверкі вырашылі падключыць Службу Бяспекі Украіны.

Падчас аналізу баз дадзеных высвятлілася, што абодва ўкраінскія грамадзяніны – ураджэнцы Луганскай і Данецкай абласцей, дзе яны ваявалі на баку незаконных узброеных фармаванняў. У аднаго нават знайшлі фотаздымак, дзе ён пазіруе са зброяй на фоне бронетэхнікі з эмблемамі непрызнанай Наваросіі.

Патрапіць ва Украіну праз лінію размежавання на Данбасе абодва парушальнікі не маглі, таму і абралі даволі доўгі шлях: спярша з Данецка ў Расею, а адтуль, карыстаючыся адсутнасцю паўнавартаснай беларуска-расейскай мяжы, – на поўдзень Беларусі і ва Украіну.

Абодва парушальнікі затрыманыя.

Паводле дадзеных украінскіх спецслужбаў, удзельнікі незаконных вайсковых фармаванняў часцяком вязуць з сабой зброю і выбухоўку. Такім чынам, зброя з сепаратысцкіх рэгіёнаў Украіны можа патрапіць на тэрыторыю нашай краіны з тэрыторыі Расеі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота eramedia.com.ua