Эрозія еўрапейскіх прынцыпаў
Сёння Еўразвяз збіраецца прыняць рашэнне аб прыпыненні санкцыяў у дачыненні да Беларусі. Гэты крок супадае з прэзентацыяй справаздачы спецдакладчыка ААН адносна сітуацыі з правамі чалавека у Беларусі Міклоша Гарашці. З яе вынікае, што для прыпынення санкцыяў няма падставаў.
Рашэнне Еўразвязу ўступіць у сілу з заўтрашняга дня. Паводле яго, 171 чалавек і ўсе 14 камапаніяў будуць часова выдаленыя з так званага “чорнага спісу”. У ім застануцца толькі чатыры асобы, падазраваныя ў датычнасці да знікненняў 4 вядомых у Беларусі апазіцыянераў: Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага. Забарона на ўезд у краіны Еўразвязу застанецца ў сіле ў дачыненні да былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Уладзіміра Навумава, былога кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Віктара Шэймана, былога камандзіра брыгады спецпрызначэння Змітра Паўлічэнкі і былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова. Яны былі ўненсены ў спіс неўязных 24 верасня 2004 году на падставе рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Радыі Еўропы. Якраз 29 кастрычніка на паседжанні Генеральнай Асамблеі ААН выступіць спецдакладчык у пытанні правоў чалавека ў Беларусі Міклош Гарашці. У падрыхтаванай ім справаздачы гаворыцца, што “ў Беларусі няма прыкметаў паляпшэння сітуацыі ў галіне свабоды думкі і інфармацыі”. “ Устаноўленая за апошнія 20 гадоў сістэма кіравання СМІ фактычна здушыла ажыццяўленне права на свабоду думкі ды інфармацыі ўключна з інтэрнэтам”. Супраць прыпынення санкцыяў у дачыненні да беларускага рэжыму выказаўся былы памочнік дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека Дэйвід Крэмэр. Па яго словах, незважаючы на недэмакратычныя выбары ў Беларусі, многія кіруючыя асобы ў Вашынгтоне і Бруселі лічаць, што падзеі ва Украіне адштурхнулі Лукашэнку ад Пуціна і варта з ім наладжваць кантакты і больш цесныя адносіны. Многія ўплывовыя палітыкі ў заходніх сталіцах лічаць, што варта забыцца пра грахі Лукашэнкі ў сферы правоў чалавека, абы толькі яго вырваць з арбіты ўплыву Крамля. Крэмэр, цяпер супрацоўнік Інстытуту МэкКэйна, не падзяляе такой думкі і прыненне санкцыяў лічыць заўчасным і неабгрунтаваным. Дакладна такой жа думкі прытрымліваюцца і лідары беларускай апазіцыі. “У Беларусі не адбылося ніякіх станоўчых зьменаў,” – лічыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька, аштрафаваны за ўдзел у вулічым шэсці 10 кастрычніка. Вызваленне Міколы Статкевіча ды іншых палітвязняў ён лічыць элементам торгу Лукашэнкі з Захадам. Беларуская апазіцыя ўпэўненая, што беларускі кіраўнік не збіраецца мяняць свайго асноўнага ўнутранага і знешняга курсу.
Паўстае пытанне: дык чаму Еўразвяз заплюшчвае вочы на відавочныя факты і гатовы прыняць Лукашэнку такім, які ён ёсць? У Еўразвязу мноства праблем: фінансавы крызіс, эканаічны калапс Грэцыі, магчымасць выхаду з супольнасці Вялікай Брытаніі, эканамічныя ўзаемныя санкцыяй з Расеяй, небывалы наплыў уцекачоў ды імігрантаў. Да таго, яшчэ не цалкам пастаўлены крыжык на праграму “Усходняга партнёрства”, а Беларусь з’яўляецца адзінай з шасцёркі краін, супраць якой дзейнічаюць санкцыі. Значыць, Бруселю трэба здымаць альбо змякчаць прынамсі некаторыя праблемы, у прыватнасці з Беларуссю. “А можа мы гэткім чынам перацягнем Лукашэнку на свой бок,” – думаюць некаторыя еўрапейскія палітыкі і чыноўнікі. Тым болей, што санкцыі супраць яго рэжыму ні на ёту не змянілі яго паводзіны. Санкцыі ўвогуле зрэдку даюць пажаданы вынік, хіба што яны ўдараюць па вельмі чуллівым месцы, як па экспарце нафты ў выпадку Ірану. Ад няўдалага праекту заўсёды прыходзіцца адмаўляцца.
Усё ж цяжкасці з вырашэннем унутраных праблемаў не павінны быць падставай для адамаўлення ад прынцыповых пазіцыяў Еўразвязу. Гэта супольнасць аснованая на канкрэтных каштоўнасцях. Еўразвяз не можа і не мае права ператварыцца ў крывадушную арганізацыю, якая сваімі прынцыпамі карыстаецца выбарачна, прагматычна, дзеля часовай карысці. Такая арганізацыя не будзе прывабная не толькі для патэнцыйных новых сябраў, але і для тых краін, якія ўжо належаць да Еўразвязу. Зрэшты эрозія Еўразвязу як цэнтралізаванай супольнасці імкліва прасоўваецца, і гэта адна з прычын змены стаўлення Бруселю да Беларусі.