Еўразвяз прыпыніў санкцыі супраць Менска на 4 месяцы (абноўлена)



29 кастрычніка Еўразвяз прыняў рашэньне прыпыніць на чатыры месяцы санкцыі ў дычыненні да беларускіх дзяржаўных службоўцаў, бізнэсоўцаў і кампаніяў.

Рашэнне Еўрапейскіх чыноўнікаў пра прыпыненне на 4 месяцы санкцыяў супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў набудзе моц 30 кастрычніка.

Палітычны аналітык Юры Чавусаў нагадвае, што адмена санкцыяў была своеасаблівай “цукеркай” для беларускіх уладаў за добра праведзеныя выбары, без закалотаў і новых палітычных вязняў.

— Наўрадці нехта ў заходніх сталіцах разлічвае, што вынікам будзе змяненне палітычнага рэжыму, але адмова ад найбольш брутальных рэпрэсіяў і брутальных наступаў на СМІ — гэта тое, чаго Захад чакае і тое, чым ён, у прынцыпе, задаволіўся б. Трэба разумець, што беларускі рэжым хацеў бы поўнага зняцця санкцыяў, але дзеля гэтага яму трэба будзе змяніць унутраную палітыку. Не мяняючы сутнасці, змяніць стыль.

«Прыпыняць санкцыі яшчэ рана» — у чарговы раз адзначыў лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Анатоль Лябедька, пасля суда за акцыю ў Менску 10 кастрычніка.

Палітык нагадвае, што санкцыі не здымаюцца, а толькі прыпыняюцца.

— Усё будзе залежыць ад таго, куды пойдзе трэнд у Беларусі: ці прастора свабоды тут будзе пашырацца, ці звужацца, ці не будзе мяняцца. Канчатковага рашэння яшчэ няма, а па-другое, трэба ж яшчэ атрымаць галоўнае: крэдыты. Міжнародны валютны фонд і крэдыт у 3 мільярды даляраў — гэта тое, што Лукашэнку патрэбна, як паветра.

«Ці зняццё санкцыяў палепшыць эканамічную сітуацыю ў Беларусі?» — пытанне над якім дыскутуюць беларускія эканамісты. Паводле прадпрымальніка Сяргея Балыкіна – гэта малаверагодна.

— Цяпер Лукашэнка, ці Ярмошына змогуць ездзіць у Парыж, але гэта не дапаможа нашай эканоміцы, бо яны там толькі патрацяць валюту. Санкцыяў да беларускіх прадпрыемстваў амаль што не было. Тыя тавары, што збываліся у Еўразвязе дагэтуль, не былі санкцыйнымі. Санкцыі былі больш дэкаратыўнымі. А зараз мы проста ўбачым Ярмошыну ў Парыжы.

Санкцыі прыпынілі ў дачыненні да 171 з 175 чалавек і да ўсіх 14 кампаніяў з гэтак званага «чорнага спісу» Еўразвяза.

Чацвёра цяперашніх і былых чыноўнікаў застануюцца ў спісе.

Верагодна, гэта кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман, былыя міністры ўнутраных спраў Юры Сівакоў і Уладзімір Навумаў, а таксама былы камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў, Дзьмітры Паўлічэнка, якіх ЕЗ лічыць датычнымі да знікнення апазіцыянераў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя