На “Гродна Азоце” адбылася ўцечка аміяку



Аммиак_b

На прадпрыемстве “Гродна Азот” увечары, 29-га кастрычніка, адбылася ўцечка вадкага аміяку, ёсць пацярпелы.

Па інфармацыю мы звярнуліся ў прэс-службу Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Гарадзенскай вобласці. Яе кіраўнік, Наталля Жывалеўская, падала афіцыйную звесткі адносна гэтай справы:

— Адбылася разгерметызацыя трубаправода звароту вадкага аміяку ў месцы ягонага праходжання праз сцяну корпуса «Карбамід-2». У выніку інцыдэнта адбыўся выхад каля 200 кілаграмаў аміяку ў памяшканне корпуса. Да прыбыцця падраздзялення МНС дзяжурная змена працаўнікоў прадпрыемства, а гэта 19 чалавек, спыніла цэх. Спецыяліст прадпрыемства засаўкай перакрыў падачу аміяку, атрымаўшы пры гэтым хімічны апёк твару і верхніх ды ніжніх дыхальных шляхоў. Цяпер мужчына знаходзіцца ў рэанімацыі шпіталя. Пасля атрымання інфармацыі пра здарэнне на месца неадкладна прыбылі спецыялісты МНС, у тым ліку служба хімічнай і радыяцыйнай абароны. Ратаўнікі-пажарныя правялі працы па асаджванні аміячнага воблака. Аварыйныя брыгады прадпрыемства праводзяць працы па падрыхтоўцы трубаправода аміяку да правядзення рамонтных працаў. Для устанаўлення прычынаў інцыдэнту працуе камісія.

     Наталля Жывалеўская адзначыла, што такія аб’ёмы аміяку не паўплывалі ні на здароўе людзей у горадзе, ні на экалогію. Акрамя таго, паводле яе, усе службы спрацавалі вельмі прафесіцйна і аператыўна.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота МНС