Сярод загінулых у авіякатастрофе ў Егіпце — трое беларусаў (абноўлена)
У авіякатастрофе расейскага самалёта загінулі трое беларусаў. Паводле ўдакладненых дадзеных, у спісе ахвяраў ёсць беларусы, якія былі зарэгістраваныя на рэйс як грамадзяне Расеі. 59-гадовы Аляксандр Радлевіч – ураджэнец вёскі Гулевічы ў Калінкавіцкім раёне. Ён жыў у Санкт-Пецярбурзе разам з жонкай Алай, якая таксама нарадзілася ў Беларусі – піша “Наша Ніва”.
Адзін з пасажыраў рэйса «Шарм-эш-Шэйх — Санкт-Пецярбург», які разбіўся ў небе над Егіптам, — 28-гадовы Раман Серадзінскі.
У спісах пасажыраў ён пазначаны ў беларускай транскрыпцыі Raman Seradzinski, піша Наша Ніва.
Хлопец нарадзіўся ў Клічаве (Магілёўская вобласць), дзе і скончыў школу. Пасля Раман вучыўся ў Магілёўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме.
У сярэдзіне 2000-ых Раман з’ехаў у Санкт-Пецярбург, дзе пераходзіў з працы на працу. На ягонай старонцы сацыяльнай сеткі Вконтакте пазначана, што цяпер ён быў уладкаваны ў кампаніі «Аліянс».
Апошні раз Раман заходзіў на сваю старонку Вконтакте ўвечары 30 кастрычніка, за ноч да вылету.
Тыдзень таму ён выставіў новы аватар — здымак з егіпецкага курорта.
Сваякі Рамана ўжо ведаюць пра трагедыю, аднак пакуль не гатовыя каментаваць сітуацыю.