„Яны ўсё маюць!”
Адміністрацыя Рэчыцкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў адмаўляецца ад дабрачыннай дапамогі, якую прапаноўваюць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Кіраўнік светлагорскага аб’яднання „Прадцеча” Юрый Ляшэнка паспрабаваў атрымаць ад дырэктара ўстановы Віктара Рудэнкі пісьмовыя тлумачэнні, у чым маюць патрэбу гадаванцы дзіцячага дома, аднак атрымаў адпіску. У адказе напісана, што ў дапамозе грамадскасці няма патрэбы. Юрый Ляшэнка абураны такой пазіцыяй чыноўнікаў.
– Калі я патэлефанаваў намесніку старшыні па ідэалогіі нашага выканкама Пятроўскаму і сказаў, што хочам правесці мерапрыемства, дапамагчы гэтаму дому-інтэрнату і ўзяць над ім шэфства, той мне паабяцаў даць адказ праз тыдзень. І роўна праз тыдзень мне патэлефанаваў дырэктар дзіцячага дома і сказаў, што ім не патрэбна наша дапамога, у іх ёсць сродкі – выдзелены 40 мільярдаў. Сказаў, што дзецям усяго хапае. Скажу шчыра: у нас не хочуць, каб мела месца такая праблема ў “шчаслівай” рэспубліцы, каб былі інваліды. У нас такія праблемы павінны быць закрыты.
Яшчэ ў верасні гэтага года дырэктар Рэчыцкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў у прыватнай размове казаў Юрыю Ляшэнку пра патрэбу ў канцылярскіх таварах і сродках гігіены. Але пасля старту дабрачыннай кампаніі адміністрацыя ўстановы раптоўна заявіла, што ім ўсяго хапае.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота БелаПАН