ТАМ,,,



У гэтыя задуменныя восеньскія дні, калі могілкі расцвітаюць агеньчыкамі памінальных свечак, хто з нас не чуў, або сам не вымавіў сакраментальнае – „Усе ТАМ будзем…”

Таямніца таямніц, загадка загадак, – а што ж будзе „там”? І ці будзе ўвогуле? Колькі існуе чалавецтва, ад насельнікаў пячораў і зямлянак, да тых, хто вырваўся аж у космас, пытанне гэта не пакідае абыякавым нікога. Не існуе ніводнай вялікай і малой рэлігіі, самага экзатычнага культу, якія б не цвердзілі з усёй упэўненасцю – жыццё не канчаецца са смерцю цела, існуе бессмяротная душа, якая прадоўжыць сваё існаванне.

Але дзе і як? Матэрыялістычная навука ХІХ і ХХ стагоддзя прыклала ўсе намаганні, каб развеяць веру ў бессмяротнасць душы, і жыццё пасля смерці. Але надзея на бессмяротнасць так проста не здалася. Напрыканцы ХХ стагоддзя з’явілася славутая кніга Рэймонда Мудзі „Жыццё пасля жыцця”, даследаванні танатолага Элізабет Кюблер-Росс, і многіх іхніх аднадумцаў, за якія, як за выратавальную саломінку ўхапіліся асабліва тыя, хто не адносіў сябе ні да якай рэлігіі, але не хацеў знікаць бясследна і навекі.

Матэрыялісты перайшлі ў контратаку – яны тлумачаць усё, што людзі перажывалі ў стане клінічнай смерці, глыбокай комы, кіслародным галаданнем мозгу, галюцынацыямі. Па праўдзе кажучы, цяжка зразумець імпэт і зацятасць тых, хто намагаецца з усіх сілаў давесці,што мы распадзёмся ў пыл, друз, і нічога пасля нас не застанецца, – ну, вядома, проч таго, што ты стварыў за ўсё жыццё, ды памяць іншых, – але ж гэта ўсё часова… Надзея на бессмяротнасць душы, на існаванне ў іншым, хай сабе нябачным, паралельным свеце, – гэта як таямнічы пакой з фільму „Сталкер”, – апошняе суцяшэнне, духоўная апора, якой нельга пазбаўляць чалавека.

Уяўленні пра жыццё пасля смерці цела з часам робяцца ўсё больш вытанчанымі –  астральныя целы, тонкія энергіі, энергаінфармацыйнае поле, базон Хіггса… усяго й не пералічыш.

Даўнейшыя людзі ўяўлялі гэта ўсё значна прасцей. Проста яны марылі атрымаць на тым свеце тое, чаго найбольш не хапала на гэтым. Хрысціянства, напрыклад, зараджалася, як рэлігія, скіраваная ў першую чаргу да сэрцаў бедных і гарапашных. Чым жа можна было прывабіць няшчасніка, які працаваў ад цямна да цямна, для якога непасільная паднявольная праца была пякельным праклёнам? Пра адпачынак раб мог толькі марыць. То хрысціянства і абяцае яму на тым свеце ні больш і не меньш, як вечны адпачынак.

Вечны адпачынак. вечнае нічоганерабленне… Так, для раба гэта недасяжная мара. Для чалавека ж, які займаецца вольнай творчай працай, вечнае няробства было б самым рафінаваным катаваннем!

Ужо лепш пекла, там, прынамсі, рознастайнасць…

Смерды гнулі спіну на панскіх палях, і толькі марылі, спадцішка з зайздрасцю пазіраючы на панскі палац, што ж там, за непрыступпнай сцяной… от, хоць бы адным вокам убачыць панскае жыццё, раскошу і балі, самога пана і паню! А вось у раі, абяцае хрысціянства, ты будзеш без перашкодаў назіраць і пакланяцца самаму галоўнаму нябеснаму Пану, і ягоным чаляднікам, г. зн, апосталам і тысячам святых!

У мусульманаў іншыя праблемы і іншыя мары. Уявім сабе маладога мусульманіна, у якога ўжо кіпяць, віруюць гармоны, баявіта тырчыць і просіцца ў „дзела” ягоны „зурэк”, а ён у сваім кішлаку ці ауле не можа нават пацешыць хоць бы вока дзявочай красой – бо яны шчыльна запакаваны ў глухія непразрыстыя мяшкі з галавы да пят, і нават вочы схаваны сеткаю… Нескладана здагадацца. пра што дзень і ноч мроіць гэткі муджахед!

Аднойчы з намі на мастацкім пленэры была адна мастачка. Скажам мякка, далёка не прыгажуня. Калі яна на беразе возера распраналася, каб выкупацца, тут жа ўзнікалі дзве думкі – хутчэй бы яна апранулася „узад”, і, каб крый божа, не прыснілася ўначы.

Дык вось гэтая красуня апавядала, як яна недзе ў Эміратах, думаючы. што яе ніхто не бачыць, вырашыла выкупацца ў моры. А ўжо з вады з жахам заўважыла, што на бераг з усіх бакоў збягаюцца барадатыя і не вельмі аброслыя магаметане, усяляк выражаючы захапленне і дзікую радасць! Многія ж упершыню ў жыцці бачылі амаль голую кабету, ды яшчэ й белую! Усё скончылася добра толькі таму, што з’явілася паліцыя…

Дык вось, кожнага прававернага мусульманіна ў раі чакаюць 72 гурыі, ўсе ў стане дзявоцтва, якое аднаўляецца аўтаматычна пасля кожнай капуляцыі. Гурыі вельмі вабныя, грудзі ў іх пульхныя, не абвіслыя, вочы вялікія, клубы шырокія і раскошныя, сцёгны гарачыя. Асабліва падкрэсліваецца, што яны не пісаюць і не какаюць, і не нараджаюць дзяцей, так што „заляцець”няма небяспекі. Мусульманін жа ў раі набудзе такую патэнцыю, што зможа „трахацца” штодзённа хоць і сто разоў!

Калі муджахед, бегаючы па пустыні з „калашом”, церпіць пакуты голаду і прагі, то пасля таго, як „кафір” упакуе яму з М 16 у чалму кулю, усё гэта скончыцца як найлепей. У раі, куды ён тут жа патрапіць, есці і піць будзе ўсяго ўволю. Чаго толькі захоча наш герой муджахед. Напрыклад, будзе ляцець міма птушка. „От добра было б усмажыць яе з бульбачкай – марыць воін Алаха, Не паспеў падумаць. а талерка з жаданай

стравай ужо перад ім! З’еў, костачкі шпурнуў прэч, – глядзіш – а яны ператварыліся ў новых птушак, фырр – і паляцелі! І еш усё смела, прыбіральні шукаць не трэба, усё выходзіць потам, водар якога настолькі прывабны, што на яго збягуцца новыя гурыі, і твой набрынялы „зурэк” зноў будзе ў рабоце!

Калі ж табе не падабаецца ўласнае аблічча – нос кірпаты, ці барада рэдкая – ты можаш пайсці на кірмаш і набыць новае, лепшае!

Усё гэта я не выдумаў, так апавядаў імам у беласнежнай чалме з прыязнай усмешкай на мусульманскім „ютубе”. Дык вось сяджу і думаю – калі б не абразанне, можа, варта было б перайсці ў іслам?..

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ