У Адэсе афіцыйна завершыўся турыстычны сезон 2015 года
У параўнанні з леташнім сезонам, які быў прызнаны правальным, сезон 2015 года прыняў рэкордную колькасць гасцей. Значную колькасць іх склалі беларусы, якія апынуліся на першым месцы сярод іншаземцаў.
Яшчэ два гады таму на першым месцы сярод іншаземных турыстаў у Адэсе былі грамадзяне Расейскай Федэрацыі. Але пасля анэксіі Крыма і пачатку Антытэрарыстычанай аперацыі на Данбасе іх колькасць знізілася амаль да нуля. У сезон 2014 года іншаземцы амаль не наведвалі Адэсу. Да гэтага спрычынілася і вайна на Данбасе, і значнае пагаршэнне ўзроўню жыцця ўкраінцаў, і трагічныя падзеі 2 траўня. У выніку Адэса была ўнесеная ў гэтак званае турыстычнае “чырвонае поле”, то бок месца, небяспечнае для турызму.
Але сёлета іншаземцаў у Адэсе значна паболела. На першым месцы сярод іх выявіліся грамадзяне нашай краіны, а на другім – малдаване. Прытым беларусаў не спыніла ні расейская прапаганда, ні заява Міністэрства замежных спраў Беларусі пра тое, што Украіну наведваць небяспечна.
Паводле ўкраінскіх тураператараў, пераважную частка беларускіх турыстаў складаюць тыя, хто традыцыйна абіраў месцам адпачынку Крым, які цяпер анэксаваны Расейскай Федэрацыяй.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя