Бізнес пад назвай “Ахова працы”
Беларускія бізнесмены даўно прывыклі да незвычайнай вынаходлівасці дзяржавы да ўсялякіх пабораў і падаткаў. Вось і сёлета ніхто асабліва не здзівіўся, калі па пошце з мясцовых выканаўчых камітэтаў прыйшлі лісты з наборам лічбаў. Лічбы не значылі нічога новага: абвяшчалася, да якога тэрміну бізнесоўцы маюць выканаць новае патрабаванне, а таксама паведамлялася сума штрафу на выпадак непадпарадкавання. Патэлефанаваўшы ў некалькі месцаў, прадпрымальнікі ўзнавілі і невядомую лічбу – у што ім абыдзецца выкананне загаду.
Сутнасць новаўвядзення можна каротка ахарактарызаваць так. Цяпер кіраўнікі ўсіх прыватных арганізацый, якія маюць хоць бы аднаго падначаленага, мусяць здаць дзяржаве экзамен па пытаннях аховы працы. Кіраўнік арганізацыі разам са сваім намеснікам, а пры наяўнасці яшчэ і адказным за ахову працы, павінен прайсці аднадзённы семінар і на наступны дзень паспяхова зрабіць камп’ютарны тэст. Само сабой, гэта небясплатна, іначай не мела б аніякага сэнсу. Прайсці семінар можна толькі ў дзяржаўнай арганізацыі, якая спецыялізуецца на навучанні і падвышэнні кваліфікацыі, а здаць іспыт – толькі ў прысутнасці прадстаўнікоў з выканкама.
Атрымаць атэстат, які фактычна з’яўляецца допускам на працу, кіраўнікі абавязаны не пазней, чым праз месяц з дня прызначэння на пасаду. І не радзей, чым раз у тры гады, пацвярджаць валоданне матэрыялам у выглядзе новага іспыту.
Зрэшты, гэта не зусім і новаўвядзенне, бо выканкамы ў сваіх патрабаваннях спасылаюцца на закон яшчэ 2008 года “Аб ахове працы”. Але, напрыклад, гандлёвым фірмам падобны ўльтыматум быў пастаўлены ўпершыню.
Зразумела, што ахова працы на вытворчасці – надзвычай важная частка тэхналагічнага працэсу, і дзяржава сапраўды мае права ўпэўніцца, наколькі арыентуюцца ў нарматывах тыя, хто адказваюць за бяспеку людзей. Уласнік жа невялікай крамы па продажы камп’ютараў, які мае ў штаце аднаго прадаўца-напарніка, з падобных патрабаванняў толькі смяецца. І не сумняваецца, што іспыт – нішто іншае, як чарговая паспяховая спроба людзей у гальштуках залезці ў яго кішэню.