У Пінску прапануюць ушанаваць памяць Мацея Бутрымовіча
Апошнім часам у некаторых рэгіёнах Беларусі ўшаноўваюць постаці нацыянальнай гісторыі. Так сёлета ў Віцебску з’явіўся помнік вялікаму князю Альгерду, а ў Заслаўі, да Дня беларускай пісьменнасці, адкрыюць помнік князю Ізяславу. Абодва князі імкнуліся развіваць беларускія землі і вялі актыўную ўнутры- і знешне-палітычную дзейнасць.
Намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладнікаў Таццяна Хвагіна бачыць у гэтым добрую тэндэнцыю. І прапануе ўшанаваць у старажытным Пінску памяць пінскага старасты Мацея Бутрымовіча:
– Сабраць – хто дасць рубель, а хто і сто, а хто і болей. Сабраць і паставіць помнік чалавеку, які зрабіў Пінск портам двух мораў. Вясною 1784 года ён даходзіць з гэтымі прапановамі да караля. Матэўш Бутрымовіч зводзіць гэтыя каналы ў адну сетку, пад Пінскам былі звязаныя ўсе каналы і ручаі, усё – па чым можна было рухацца па вадзе.
У горадзе над Пінай, які рыхтуюць да агульнаберасцейскіх “Дажынак-2014”, з’явіцца помнік беларускаму хлебу, але працы па рэканструкцыі гістарычнага цэнтра плануецца працягнуць і пасля свята аграрыяў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя