Станіслаў Шушкевіч: Усе пры справе – і надоўга
Былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч пракаментаваў просьбу беларускай апазіцыі да Еўразвяза быць пасярэднікам, каб зладзіць перамовы з уладай.
Нагадаем, пяцёра беларускіх апазіцыйных лідараў звярнуліся з адкрытым лістом да ЕЗ з просьбай перазапусціць унутраныя перамовы па пытанні дэмакратычных рэформаў у Беларусі.
Станіслаў Шушкевіч: У свой час Еўропа не вельмі дапамагла ў гэтым пытанні былому кіраўніку Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЕ ў Менску Гансу-Георгу Віку, і, калі разабрацца па сутнасці, тады нічога асаблівага дасягнута не было. А што хочуць зараз прадстаўнікі апазіцыі, я таксама не разумею. Мне здаецца, што гэта марная трата часу. Патугі дыялогу былі і раней, але ніякага выніку не сталася, бо на перамовы накіроўваліся другасныя асобы, якія не мелі права прымаць ніякага рашэння. Як не будзе нічога і зараз. На мой погляд, гэта ўсё звычайныя практыкаванні па паліталогіі.
РР: Дыялогу паміж уладай і апазіцыяй не можа быць у прынцыпе?
Станіслаў Шушкевіч: Я не веру ў магчымасць дыялогу менавіта з гэтай уладай. Апошняй не патрэбны ніякі дыялог, яна сябе і так нядрэнна пачувае. Пры гэтым сёння ёсць цудоўная магчымасць вешаць лапшыны на вушы Еўропе. А ўсе звароты прадстаўнікоў беларускай апазіцыі да Еўропы, на мой асабісты погляд, – гэта выключна іх жаданне заявіць, што яны існуюць.
РР: Таццяна Караткевіч і Аляксандр Мілінкевіч падпісваць зварот адмовіліся…
Станіслаў Шушкевіч: І пры гэтым Мілінкевіч патлумачыў свой крок тым, што “ён не ў палітыцы”. Я толькі не разумею, як Мілінкевіч можа заставацца па-за палітыкай, калі ўзначальвае рух “За свабоду” і змагаецца за свабоду? Адна назва руху чаго вартая! Таму мне падаецца, што Аляксандр Мілінкевіч проста далікатна адмовіўся ад такой прапановы, бо разумеў, што гэта нічога не дасць. А Таццяна Караткевіч робіць тое, што робіць Андрэй Дзмітрыеў. І апошні, напэўна, сказаў: “Куды ты лезеш? Мы зараз – асобная структура, нас прымаюць за мяжой і слухаюць. Давай рабіць выгляд, што мы нешта значым”. Адным словам, у гэтай сітуцыі ўсе пры справе – і надоўга.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя