Ці захавае Беларусь нейтралітэт пад ціскам Расеі?



Пра гэта на старонках “Belarus Digest” разважае аналітык цэнтра Астрагорскага Сяргей Богдан. Паводле эксперта, апошнімі гадамі беларускае кіраўніцтва ўсё больш намагаецца дыстанцыявацца ад удзелу ў геапалітычным супрацьстаянні ва Усходняй Еўропе.

Сяргей Богдан: Беларускія кіраўнікі, беларускае чынавенства няпроста думаюць і гавораць пра беларускі нейтралітэт. Я мяркую, што гэта тая рэч, якую яны спрабуюць паступова, можа, не зусім асэнсавана, а хутчэй інстынктыўна ажыццявіць ужо амаль 10 гадоў. І таму ўжо ёсць шмат адзнакаў (адна з іх – гэта пазіцыя, якая была занята ў дачыненні да вайны ў Грузіі), шмат розных пазіцый беларускага ўрада, якія даюць нам падставы бачыць у гэтым дэ-факта нейтралітэт. Гэта не юрыдычна аформленая пазіцыя. Беларускі ўрад ідзе іншым шляхам. Ён негалосна, ціха і часам, сапраўды, без аніякага плану і ідэалогіі, але ратуючы сваю ўласную скуру, увасабляе ў жыццё ідэі нейтралітэту. Ці гэта ўсім падабаецца? Я думаю, што гэта мала каму падабаецца. І ў тым рэгіянальным супрацьстаянні, якое назіраецца, кожны бок хацеў бы мець Беларусь на сваіх пазіцыях, выкарыстаць яе дзеля сваіх выгод.

РР: Як глыбока Беларусь увайшла ў вайсковую супрацу з Расеяй? Бо, вядома, можна часткова блакаваць нейкія рашэнні, нешта не ўводзіць. Але ж вядома, што супраца ёсць – ёсць супольная супрацьпаветраная абарона.

Сяргей Богдан: Тут такая рэч: на самой справе за гэтай рыторыкай, якая на дадзены момант агучваецца наконт расейскай ваеннай базы, губляюцца тэндэнцыі, якія ёсць у вайсковай сферы паміж Беларуссю і Расеяй. І калі ўзяць зыходныя паказнікі, напрыклад, што рабілася ў дачыненнях паміж Беларуссю і Расеяй у вайсковай сферы ў 90-ыя гады і пазней, то карціна зусім іншая. Беларускае войска, насамрэч, развіваецца ў зусім іншым кірунку, беларуская ваенная палітыка разыходзіцца з расейскай. І тут што ні вазьмі, пачынаючы ад нейкай дактрыны і заканчваючы ваеннай тэхнікай, Беларусь робіць тое, што ёй выгодна, таму не выпадае казаць пра нейкія страты.  Беларусь, можа, не да канца самастойная ў гэтай сферы. Але тое, што ў яе самастойнасці больш, чым гэта было гадоў 10-20 таму, – гэта адназначна так.

Праблема, я думаю, у тым, што СМІ звяртаюць увагу на нейкія гучныя рэчы, якія часам нічога не азначаюць. Тая ж супрацьпаветраная абарона створана нашмат пазней і на ўмовах, якія ў значнай ступені прадыктаваныя Менскам. І самае галоўнае, што насамрэч большай інтэграцыі там не адбылося. Калі паглядзець, як функцыянавала супрацьпаветраная абарона Беларусі да таго, то яна функцыянавала ў такім жа рэжыме ўзаемадзеяння з Расеяй, як і пасля стварэння гэтай сістэмы. І тут, хутчэй за ўсё, такі іміджавы акт, які хацеў учыніць Крэмль, каб паказаць свае дасягненні. Але насамрэч мы ўзаемадзейнічалі і да таго, і пасля таго. Што змянілася? Ды нічога! Апроч толькі назвы. Больш за тое. Калі паглядзець на нейкія дэталі, то можам пабачыць, што Менск здолеў нават выгандляваць сабе лепшыя ўмовы, у параўнанні з тымі, што былі.

РР: Даволі нечакана вынікі сацыялагічнага даследавання паказваюць, што ўсё ж беларускае грамадства ў адноснай большасці выступае супраць расейскай авіябазы. Беларускія ўлады, напэўна, адчуваюць гэта. Як думаеце, з чым звязана такая рэакцыя? Здавалася б, прапаганда працуе, пра пагрозу НАТА ў Беларусі расказваюць дзесяцігоддзямі. А беларусы ўсё-такі не хочуць авіябазы.

Сяргей Богдан: Пазіцыя насельніцтва наконт авіябазы не павінна быць ужо такой і нечаканай. Тут трэба зразумець: у беларусаў ёсць свая ідэнтычнасць, якая мае свае формы. Напрыклад, калі беларус кажа, што ён рускі, то мае на ўвазе толькі тое, што ён прадстаўнік славянскай супольнасці. І калі не называе сябе беларусам – то гэта не азначае, што ён велікарус.  

Таму гэтая пазіцыя беларусаў даволі прадказальная. Тым больш калі ўлічыць, што беларуская дзяржава даволі паспяхова функцыянуе цягам двух дзесяцігоддзяў. Нягледзячы на тое, што, магчыма, яе шлях вельмі спецыфічны і не самы прымальны для суседзяў і сусветнай супольнасці. І на дадзены момант беларусы бачаць у сваёй дзяржаве каштоўнасць, асабліва пасля пачатку канфлікту ва Украіне.

Нягледзячы на анансаванае яшчэ летась узнікненне ў Беларусі расейскай авіябазы, канчатковае рашэнне гэтак і не прынята. Амаль палова жыхароў Беларусі негатыўна ставіцца да размяшчэння расейскіх самалётаў на тэрыторыі краіны.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  glavpost.com