У Магілёве збіраюць подпісы супраць расейскай вайсковай базы



У Магілёве працягнуць збіраць подпісы супраць размяшчэння ў Беларусі расейскай вайсковай базы. Пра гэта паведаміла каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі БХД па Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук. Па яе словах, людзі ў большасці станоўча ставяцца да ініцыятывы і падпісваюцца:

– Подпісы мы пачалі збіраць у пятніцу, і ў нас было вельмі мала часу для гэтай акцыі. Некалькі актывістаў – 7 чалавек выйшлі, і кожны за гадзіну назбіраў амаль па два аркушы гэтых подпісаў, але мы гэта будзем працягваць. У нас вызначыліся лідары, якія будуць збіраць кожны ў сваім раёне: у Першамайскім, у Кастрычніцкім, Ленінскім раёне людзі падзяліліся на некалькі груп. Кожная група будзе збіраць у месцы свайго пражывання.

На думку палітолагаў, актыўная крытыка з боку беларускіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам, ідэі размяшчэння ў Беларусі расейскай авіябазы, набывае эканамічны сэнс. Іх аргументацыя можа ўплываць на рашэнне кіраўніцтва Расеі пра выдзяленне крэдыту афіцыйнаму Менску. У Беларусі ёсць тавар – тэрыторыя пад авіяцыйную базу, і трэба прадаць яго даражэй, кажуць эксперты.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя