Беларускія ўлады не імкнуцца рэфармаваць эканоміку



Эканамічны спад у Беларусі можа быць глыбейшым у выпадку адмовы ўладаў ісці на рэформы. Такі прагноз прыводзіцца ў макраэканамічным аглядзе Сусветнага банка, прэзентацыя якога адбылася ў Менску.

Кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Ян Чул Кім адзначыў, што крокі, якія распачаў Нацбанк Беларусі ў гэтым годзе, пацвярджаюць прыхільнасць уладаў ісці на рэформы.

Эканаміст Сяргей Чалы пакуль не бачыць такога жадання ў беларускага кіраўніцтва:

– Тут усё для ўсіх зразумела. Нічога новага не сказана. І пытанне тут нават не ў дэпрэсіі, а ў тым, што крыніц зусім не бачна: старая мадэль не працуе, эканамічнага росту няма. Калі не праводзіць рэформаў, а толькі спадзявацца на паляпшэнне нейкіх знешніх абставінаў, то гэта не выхад. Менск не здолее зарабляць на нафтапрадуктах, а без гэтага нічога не будзе.

На думку экспертаў Сусветнага банка, рэалізацыя структурных рэформаў не прывядзе да неадкладнага росту эканомікі, паколькі працэсы рэструктурызацыі, асабліва дзяржаўных прадпрыемстваў, патрабуюць часу. Па дадзеных Сусветнага банка, у гэтым годзе інфляцыя ў Беларусі можа скласці 17% і знізіцца да 15% у 2016-ым.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ej.by