Ліда: У нас ні “чарка са шкваркай”, а “чарнілы” без шкваркі



Кіраўнік вертыкалі Ліды Міхаіл Карповіч агучыў сенсацыйныя звесткі пра эканамічны стан горада. Гэта адбылося падчас сустрэчы з працаўнікамі мясцовага аўтазборачнага прадпрыемства “Нёман”. Чыноўнік у адказ на пытанні пра нізкія заробкі ды нездавальняючы стан гарадской гаспадаркі распавёў, што падаткі Ліда атрымлівае выключна ад камерцыйнага прадпрыемства “Лідскае піва”, што ўтрымліваюць фінскія прадпрымальнікі, ды нешматлікіх прадпрымальнікаў. Маўляў, усе астатнія “дзяржаўныя” прадпрыемствы амаль 100-тысячнага горада – банкруты.

Я гутару з кіраўніком суполкі “Моладзі БНФ”, электраманцёрам завода “Оптык” Сяржуком Сідарэнкам ды кіраўніком суполкі Партыі БНФ Уладзімірам Круцікавым, які працуе майстрам участка на заводзе “Нёман”, дзе акурат пабываў Карповіч.

IMG_0030

Круцікаў: На заводзе складанасці са збытам, але ж ён пакуль выпускае па некалькі вядомых “аўтобусікаў” у месяц. Карповіч спачатку вяшчаў, што “усё будзе добра”, але калі людзі пачалі пытацца наконт велічэзных чэргаў у паліклініках ды дрэннага стану дарог на ўскраінах – сказаў тое, што сказаў.

Сідарэнка: Проста, калі былі выдзеленыя грошы на “Дажынкі”, яны здолелі зрабіць “марафет” у цэнтры. А на ўскраінах – “рамантуйце за свае грошы”. У некаторыя прыватныя дамы не была нават праведзеная электрычнасць.

РР: Крыху канкрэтней, што робіцца зараз на прадпрыемствах. Бо апошняя інфармацыя была з абутковай фабрыкі, дзе вялікія скарачэнні, непамерныя залежы на складах і нізкія заробкі, казалі, у прыбіральшчыц не больш за рэальныя 900 тысяч!

Круцікаў: “Аграпраммаш” стаіць – напалову працоўны дзень. Праўда, замест сельгастэхнікі ўмудраюцца нейкія клеткі для трусоў вырабляць, сметніцы… За ўсякія дробязі хапаюцца і на іншых прадпрыемствах, каб прыходзіла хоць кволая капейчына.

А калі ўлічыць, што спадзяванняў на перспектыву аніякіх… Той жа “Нёман” аддалі зараз пад Менскі завод цягачоў. Аўтобусаў сталі рабіць меней, каб былі меншыя ўбыткі ад працы на склад. Але людзей хоць якой працай мусяць забяспечваць. Каб хоць неяк існавалі, не бунтаваліся, не кралі. Такі зараз “беларускі цуд”  ды праславутая “стабільнасць”! Якая ўжо тут “чарка са шкваркай” – “чарнілы без шкваркі” у нас кажуць…

Я сустрэўся з рабочым завода хлебапрадуктаў Зміцерам Зыбайлам ды прадпрымальнікам, адным з валадароў аграсядзібы “Мытнянскі гасцінец”, экс-прадпрымальнікам Віктарам Аўгустынам.

DSCF1509

Зыбайла: Калі ў 2008-я ўладкоўваўся на папярэднюю працу, мне, як класнаму спецыялісту, абяцалі 500 даляраў. І я іх зарабляў! Цяпер 4,5 млн. Хоць гэта не горшы для Ліды заробак.

РР: А што да ўнутранага самаадчування ад жыцця?

Зыбайла: (смяецца ды ўздыхае ) Ой, Матка Боска… Жыццё ад заробку да заробку і ўсё роўна не хапае!

IMG_0709

Аўгустын: Прадпрымальніцтва развальваецца таксама. На плыву хіба пахавальныя бюро, фірмы па вытворчасці трун. На рынках банкруты – прададуць за тыдзень адну хустачку ці адну сумачку. А з лістапада абвешчанае падвышэнне коштаў на квартплату, камуналку ды ацяпленне…

РР: Са складоў, як патрабуе Лукашэнка, пойдзе прадукцыя, альбо Расея не стане прымаць?

Круцікаў: Там няма каму ані прымаць, ані купляць. Дайце веры – адзін стрэл крылатай ракеты з Каспія – 30 млн даляраў! Дзе ўзяць грошы на гэта ўсё?

РР: Што вы з Ліды думаеце пра надзеі Лукашэнкі ды краіны на заходнія крэдыты?

Круцікаў: Знятыя санкцыі тычацца, у асноўным, яго эканамічнага атачэння.

Сідарэнка: Лукашэнка ў пастцы, у якую сам сябе загнаў. Яму б самому сысці з пасады акуратна, хітра, як ён умее.

Суразмоўцы не выключаюць, што відавочная адсутнасць эканамічных ды жыццёвых перспектыў напачатку прывядзе “да росту злачыннасці”. Пасля – “да несанкцыянаванага пратэстнага ўзрыву”.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара