Памёр прафесар, які вяртаў нацыянальныя скарбы Беларусі



З Лондана прыйшла сумная вестка – на 92-м годзе жыцця памёр гісторык мастацтва, музеязнавец, калекцыянер, мецэнат, прафесар, сябра праўлення культурных фондаў у Польшчы, “Фонда імя Цеханавецкага” пры Каралеўскім замку ў Варшаве, ганаровы доктар Белдзяржуніверсітэта, ганаровы старшыня Беларуска-польскай культурнай камісіі, ганаровы грамадзянін Заслаўя Анджэй Цеханавецкі.

maxresdefault

Ён нарадзіўся ў 1924 годзе ў Варшаве. Скончыў Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве. У 1950-1956 гадах быў палітычным вязнем і ў 1958 годзе выехаў за межы Польшчы. Стажыраваўся і працаваў у Вялікабрытаніі, ЗША, Партугаліі, Германіі. У Цюбінгенскім універсітэце абараніў доктарскую дысертацыю па гісторыі тэатра Агінскага ў Слоніме.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

З 1961 года жыў у Лондане і займаўся выкладчыцкай, навукова-экспертнай і музейнай дзейнасцю.

Пра Анджэя Цеханавецкага прыгадвае літаратар, гісторык і краязнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын: “У Анджэя Цеханавецкага было дзве радзімы – Польшча і Беларусь. У 1961 годзе ў Кёльне выйшла асобнай кнігай яго вялікая даследчыцкага праца “Міхал Казімір Агінскі і яго “сядзіба музаў” у Слоніме”. Гэта кніга двойчы па-беларуску выдавалася ў Беларусі ў перакладзе Уладзіміра Сакалоўскага. У канцы 1980-х гадоў Анджэй Цеханавецкі ўпершыню наведаў Беларусь – зямлю сваіх продкаў.  А потым падараваў беларускім музеям унікальны слуцкі пояс, рэдкую кнігу, выдадзеную ў Гародні ў 18 стагоддзі, малюнак Нясвіжа пачатку 19 стагоддзя і шэраг іншых скарбаў. А таксама супольна шукаў сродкі на рэстаўрацыю Мірскага замка, помнікаў архітэктуры ў Нясвіжы, у выяўленні і вяртанні беларускіх нацыянальных рэліквій. Смерць Анджэя Цеханавецкага – вялікая страта для ўсёй беларускай культуры”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя