Адзінства з карычневым адценнем



4 лістапада Расея адзначае дзяржаўнае свята: “Дзень нацыянальнага Адзінства”. Традыцыйна ў шэрагу расейскіх гарадоў у гэты дзень адбываюцца маршы і розныя мерапрыемствы, якія, асабліва ў апошнія гады, становяцца праявай узмацнення нацыяналістычных і ксэнафобскіх настрояў сярод расейцаў.

У расейскай гісторыі можна назваць іншыя, больш эпахальныя даты, чым 4 лістапада. Усё ж непасрэднай прычынай устанаўлення свята была адмена святкавання гадавіны кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада. Упершыню з ідэяй святкавання “Дня нацыянальнага адзінства” 4 лістапада выступіла ў снежні 2004-га году Міжрэлігійная Рада Расеі. Ідэю падтрымаў Думскі камітэт працы і сацыяльнай палітыкі, а таксама Патрыярх Аляксей. “Гэты дзень нагадвае нам, як у 1612 годзе расейцы розных вераў і нацыянальнасцяў пераадолелі падзелы, перамаглі грознага непрыяцеля і прывялі краіны да стабільнага, грамадзянскага міру,” – заявіў Патрыярх. Таксама палітыкі ад думскай фракцыі “Адзіная Расея” прызналі, што “вызваленне Расеі ад польскіх захопнікаў закончыла змрочны перыяд так званай “смуты”. У сэнсе гістарычнай праўды, сапраўды 22 кастрычніка (1 лістапада) байцы народнага апалчэння на чале з Кузьмом Мініным і князям Дзмітрыям Пажарскім з іконай “Казанскай Божай Маці” перамаглі польска-літоўскіх інтэрвэнтаў. 3 лістапада захопнікі падпісалі капітуляцыю. У ХХ і ХХІ стагоддзях 22 кастрычніка адпавядае не 3-му але 4-му лістапада. У гэты дзень Праваслаўная Царква і ўшаноўвае цудатворную Ікону Казанскай Божай Маці. Тут варта адзначыць, што новае свята сапраўды было пакліканае выцясніць гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі, таму гэтую ініцыятыву не падтрымалі камуністы. Аднак ініцыятары ўстанаўлення новага свята даказвалі, што кастрычніцкая рэвалюцыя «прывяла да гібелі мільёнаў нашых суграмадзян, падчас калі вызваленне Масквы ад замежных захопнікаў у 1612 годзе аб’яднала народ і спыніла братазабойчае кровапраліццё».

Святкаванне Дня Нацыянальнага Адзінства даўно набыло форму супрацьлеглую задуме ініцыятараў. З году ў год яно набывае ўсё больш нацыяналістычны характар. Свята “Нацыянальнага адзінства” актыўна пачало скарыстоўваць заснаванае 4 гады таму аб’яднаньне “Рускіе”. З 2009 году нацыяналістычныя арганізацыі праводзяць у многіх буйных гарадох Расеі: у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Навасібірску ды Іркуцку дазволеныя альбо і забароненыя “рускія маршы”. Сённяшняя акцыя ў Маскве пройдзе пад строгім наглядам з боку паліцыі. У верасні лідар аб’яднання “Рускія” Дзмітрый Дземушкін быў арыштаваны на 15 сутак за размяшчэнне ў інтэрнэце сімволікі забароненых арганізацыяў. Ён і ягоныя адзінадумцы ў прыватнасці штогод святкуюць дзень нараджэння Гітлера. Нацыяналісты заклікаюць улады ўвесці візы для жыхароў краін Азіі і Закаўказзя. Яны сталі нявыгадныя для самога Крамля, паколькі патрабуюць абраць сапраўдныя, патрыятычныя, прадстаўнічыя органы расейскага народу.

Паводле  найноўшага апытання, праведзенага цэнтрам Левады, яшчэ 6 гадоў таму ідэю “Расейскага маршу” падтрымлівалі 26% расейцаў, а зараз – удвая болей. Зменшылася таксама колькасць тых, хто супраць гэтых маршаў. Для сацыёлагаў гэта неаспрэчны доказ таго, што ў расейскім грамадстве ўмацоўваюцца нацыяналістычныя і ксэнафобскія настроі. Яны не ўзяліся з ніадкуль. Доля этнічных расейцаў у Расеі ўвесь час скарачаецца. Расея памалу, але няўмольна ператвараецца ў ісламскую краіну. Таксама значэнне Расеі і ў свеце змяншаецца, а стаўленне да яе пагаршаецца з прычыны агрэсіўнай палітыкі Пуціна. Сёлетні “Дзень нацыянальнага адзінства” будзе дэманстрацыяй згуртаванасці вакол прэзідэнта, але аніяк не адзінства шматнацыянальнай дзяржавы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ