У Гародні праводзіцца агрэсіўная русіфікацыя



У Гародні на шыльдах дзяржаўных і прыватных устаноў назіраецца агрэсіўная русіфікацыя. Занепакоеныя гэтай сітуацыяй, якая мае справу нацыянальнай бясьпекі, сябры Таварыства Беларускай мовы звярнуліся ў аблвыканкам. На сустрэчы кіраўнік аддзела культуры і ідэалогіі Павал Скрабко абяцаў паразмаўляць з начальнікамі ўстаноў на гэтую тэму, каб выправіць моўную сітуацыю.

Кажа Аляксандар Місьцюкевіч, сябра абласной рады ТБМ:

– Былі абяцанні з ягонага боку, што з’явяцца беларускамоўныя шыльды на дзяржаўных установах. Праўда, пакруціў галавою, што Пракуратура ўперлася, і ў іх шыльды хутчэй за ўсё застануцца толькі рускамоўнымі. У дзяржустановах чамусьці справа стаіць горш: дзе новыя будынкі пабудавалі, са старых будынкаў двухмоўныя шыльды не перанеслі, а павесілі рускамоўныя. Такіх арганізацый шмат.

Ці  могуць дапамагчы пісьмовыя звароты, каб кардынальна змяніць моўную сітуацыю ў Гародні? Пытанне рытарычнае. Да таго ж, запісацца на прыём па пытаньню мовы да старшыні аблвыканкаму Краўцова надзвычай цяжка, амаль немагчыма.  Але, на думку сяброў Таварыства Беларускай Мовы, якія былі на прыёме ў аблвыканкаме, гэта рабіць варта.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня