У Гародні — суд па справе забойства трох прадаўшчыц



У абласным судзе Гародні прайшло чарговае паседжанне па крымінальнай справе Івана Кулеша, які абвінавачваецца ў трох забойствах у Лідзе і Сяльцы, Лідскага раёна. Праводзіліся спрэчкі бакоў.

Дзяржаўны абвінаваўца Аляксандр Дзямідаў патрабуе выключнай меры пакарання — расстрэлу. Абарона настойвае на 25 гадах зняволення.

У час спрэчак, абвінавачаны цалкам свае меркаванні даручыў выказаць адвакату. Вырак, відавочна, будзе абвешчаны 19-га лістапада. Варта адзначыць, што ў Беларусі пакуль ня ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне. Справу вядзе суддзя Анатоль Заяц.

***

28-гадовы Іван Кулеш, ураджэнец Баранавіцкага раёна. Ён абвінавачваецца ў тым, што ў верасні 2013 года забіў дзвюх жанчын-прадаўцоў у Лідзе і выкраў з магазіна грошы і тавары больш як на 37 млн. рублёў. 

Паводле версіі следства, Кулеш нанёс ахвярам шматлікія ўдары металічнай трубой. Абедзве жанчыны памерлі на месцы. Падсуднаму таксама выстаўленае абвінавачанне ў крадзяжы — ён вынес гідрапомпу з суседскага дома. 

У лістападзе 2014 года, паводле звестак следства, падсудны забіў яшчэ аднаго прадаўца ў Лідскім раёне — ён нанёс жанчыне больш за 10 удараў сякерай і выкраў з магазіна грошы і тавары на суму больш як 8 млн. рублёў. 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: belapan.com