У Чарнігаве з’явілася сістэма зніжак для беларусаў
На чарнігаўскіх рынках з’явілася адмысловая сістэма зніжак, якія дзейсныя толькі для грамадзян Беларусі. Гэта звязана з вялікай канкурэнцыяй сярод украінскіх гандлёвых сетак, а таксама са значным памяншэннем плыні беларускіх “эканамічных турыстаў” ва Украіну.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Зніжкі для беларусаў перадугледжаныя самыя разнастайныя. Самы папулярны маркетынгавы ход – калі пры набыцці пэўнай колькасці прадуктаў гандляр прапануе скінуць 3-5 % ад агульнага кошту. На другім месцы – “падарунак ад фірмы”, калі пры набыцці, напрыклад, двух пар чаравікаў беларускім пакупнікам даецца нейкі прэзэнт. На трэцім – адмысловыя дысконтныя карткі “спецыяльна для беларусаў”.
Атрымаць такую зніжку можа пасля дэманстрацыі беларускага пашпарту, пасведчання кіроўцы ці студэнцкага квітка. Але ж на чарнігаўскіх рынках і гуртавых базах грамадзянам нашай краіны можна атрымаць тую зніжку нават і без дакументаў: дастаткова проста звярнуцца да прадавачкі па-беларуску.
Паводле статыстыкі, беларусы склалі амаль 90% ад агульнай колькасці іншаземцаў, якія пабывалі ў Чарнігаў цягам мінулага года. Але ж апошнім часам, з прычыны эканамічнага крызісу ў нашай краіне, колькасць іх значна скарацілася.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя