„Гавары праўду” зноў спрабуе зарэгістравацца



7 лістапада ў Менску праходзіць чарговы ўстаноўчы сход грамадскага аб’яднання „Гавары праўду”.

Гэта ўжо чацвёртая спроба грамадзянскай кампаніі атрымаць афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі. Падчас сходу плануецца прыняць статут аб’яднання, вызначыць яго арганізацыйную структуру, выбраць кіраўніцтва.

Грамадзянская кампанія „Гавары праўду” была створаная ў пачатку 2010 года з мэтай спрыяць „разуменню беларускім грамадствам рэальнага становішча ў краіне, дзе мала праўды і шмат хлусні”. У тым жа годзе кіраўнік кампаніі Уладзімір Някляеў быў вылучаны кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

Някляеў кіраваў кампаніяй „Гавары праўду” да пачатку красавіка 2015 года, калі абвясціў пра выхад з апазіцыйных структур у сувязі з безвыніковасцю двухгадовых перамоў па вылучэнні адзінага дэмакратычнага кандыдата ў прэзідэнты і вызначэнні сумеснай праграмы на прэзідэнцкія выбары 2015 года.

28 мая на рэспубліканскім сходзе актыву „Гавары праўду” старшынёй кампаніі быў абраны Андрэй Дзмітрыеў, а кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года ад кампаніі вылучылі Таццяну Караткевіч.

Першы ўстаноўчы сход рэспубліканскай даследча-асветніцкай установы „Гавары праўду” адбыўся 23 лістапада 2010 года. Тады Мінюст адмовіў ёй у рэгістрацыі на падставе таго, што заснавальнікі не падалі дадаткова запытаныя матэрыялы.

Другі ўстаноўчы сход „Гавары праўду” прайшоў у чэрвені 2011 года, але Мінюст ізноў адмовіў у рэгістрацыі, заявіўшы, што заснавальнікі не падалі дакументы, якія пацвярджаюць права ўласнасці на памяшканне, указанае ў якасці юрыдычнага адраса.

Трэці ўстаноўчы сход прайшоў у красавіку 2013 года. І зноў была адмова, якую чыноўнікі аргументавалі двума парушэннямі — заканчэннем тэрміну дзеяння гарантыйнага ліста на даванне юрыдычнага адраса і тым, што ў арганізацыі не быў вызначаны колькасны склад праўлення.

belapan.by