Перамовы па Украіне ў Берліне: дасягнуты „пэўны прагрэс” (абноўлена)
Пяць гадзінаў цягнуліся перамовы кіраўнікоў МЗС Расеі, Украіны, Нямеччыны і Францыі ў пытанні ўрэгулявання крызісу на ўсходзе Украіны.
Па выніках перамоваў кіраўнік МЗС ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што размова была складанай, але ёсць спадзяванні, што па некаторых пунктах можа быць дасягнуты прагрэс.
На думку віцэ-старшыні Еўрапейскага парламента Рышарда Чарнецкага, прадстаўнікі краінаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай сустрэчы, мелі розныя мэты:
– Бакі, якія пачалі перамовы ў Берліне, мелі розныя мэты. Расея хацела выйграць час, каб паказаць, што схільная да размоваў, да нейкага кампрамісу. Украіна хацела, каб на яе тэрыторыі не было расейцаў, хацела захавання тэрытарыяльнай цэласнасці. Нямеччына і Францыя хутчэй за ўсё хацелі быць, як амбасадарам Расеі з гледзішча на эканамічныя інтарэсы, так і амбасадарам Украіны з увагі на тое, што гэтая краіна падпісала дамову аб асацыяцыі з Еўразвязам.
Віцэ-старшыня Еўрапейскага парламента Рышард Чарнецкі таксама не выключае магчымасць далейшай вайсковай інтэрвенцыі Расеі ва Украіну:
– Расея сабрала 45 тысяч жаўнераў на мяжы з Украінай – гэта з нейкай мэтай. Не хацеў бы быць дрэнным прадказальнікам, але вайсковая інтэрвенцыя з’яўляецца вельмі рэальнай. Расея хоча мець Украіну пад абцасам, Масква хоча вяртання ў часы Савецкага Саюза, а Украіна хоча быць незалежнай, таму цяжка казаць пра нейкае паразуменне.
Прэс-сакратар польскай дыпламатыі паведаміў, што такі фармат перамоваў – без удзелу Польшчы, быў узгоднены яшчэ ў чэрвені. Тым не менш кіраўнік польскай дыпламатыі Радаслаў Сікорскі абмеркоўваў берлінскую сустрэчу са сваім украінскім калегам Паўлам Клімкіным.
* * *
У Берліне адбылася сустрэча міністраў замежных спраў Украіны, Расеі, Францыі і Нямеччыны. Кіраўнік нямецкай дыпламатыі заявіў перад сустрэчай, што мэта перамоў – распрацаваць „графік”, які прывядзе да перамір’я і эфектыўнага кантролю на расейска-ўкраінскай мяжы. Тым не менш, нямецкі міністр Франк-Вальтэр Штайнмаер яшчэ напярэдадні сустрэчы канстатаваў складаную сітуацыю вакол канфлікту, адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:
– Скептыцызм кіраўніка нямецкай дыпламатыі ніякіх сур’ёзных надзей не дае. Па-другое, мяркую, што наступнае важна: напярэдадні гэтай сустрэчы была заява міністра замежных спраў Украіны, які даў інтэрв’ю нямецкай радыёстанцыі, дзе ён адкрыта звярнуўся да Еўразвяза і НАТА з просьбай дапамогі. Гэтая заява сведчыць не проста пра тое, што там працягваецца вайна, а нават назіраецца эскалацыя.
„Гэта была цяжкая размова, але спадзяюся, што ў некаторых пытаннях дасягнуты прагрэс,” – сказаў кіраўнік нямецкай дыпламатыі. Аднак заявіў, што міністры не прынялі рашэнняў наконт канкрэтных дзеянняў.
* * *
У Берліне завяршыліся чатырохбаковыя перамовы на ўзроўні міністраў замежных спраў Украіны, Расеі, ФРГ і Францыі. Яны працягваліся пяць гадзін. Перамовы па сітуацыі ва Украіне былі «складанымі», але быў зроблены «пэўны прагрэс». Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер. Паводле яго, міністры абмяркуюць сытуацыю з лідарамі іх краін і, магчыма, узгодняць, як працягнуць перамовы пра спыненне агню на ўсходзе Украіны.
Украінскі міністр замежных справаў Павал Клімкін напісаў пасля сустрэчы на сваёй старонцы ў Twitter, што «чырвоную лінію не перасеклі». «Няма месца кампрамісу там, дзе дзяржава павінна перасекчы сваю чырвоную лінію. Украіна яе не перайшла. Адчуваў падтрымку нашых партнёраў», — адзначыў Клімкін.
Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў пастаўках зброі і баевікоў у Данбас. Масква сваё дачыненне адхіляе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота mignews.com